9 чэрвеня 2026, aўторак, 10:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Духоўная апазіцыя дамагаецца перамен

«Свабода сумлення і веравызнання» – абмеркаваць гэтую тэму ў офісе Партыі БНФ сабраліся тыя, хто лічыць, што ў Беларусі гэтыя дэмакратычныя прынцыпы парушаныя. Па выніках дыскусіі яе ўдзельнікі прынялі зварот да ўлад.

Кіраўнік руху «За свабоду!» Аляксандр Мілінкевіч, адкрываючы дэбаты, заявіў, што чакаць больш нельга, і што менавіта ў цяперашніх неспрыяльных умовах неабходна адстойваць сваю чалавечую годнасць, перадае “Нямецкая хваля”.

Трэба змяняць законы

У гэтай сувязі Мілінкевіч прапанаваў вядомым людзям, у прыватнасці, рэлігійным дзеячам, падпісаць спецыяльны зварот да ўлад. У ім змешчаны заклік прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі нормамі і беларускай Канстытуцыяй «Закон аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацый», а таксама шэраг іншых нарматыўных актаў. Акрамя таго, выканаўчую ўладу просяць спыніць практыку ўмяшання ў дзейнасць рэлігійных арганізацый. У адваротным выпадку, запэўніў Мілінкевіч:

«Мы пакідаем за сабою права дамагацца сваіх правоў усімі законнымі сродкамі. А я лічу, што законныя сродкі гэта не толькі звароты. Гэта і мітынгі, і пікеты і шэсці».

Д'ябал і дэталі

Калі вы скажаце, што ў Беларусі ўшчамляюцца правы вернікаў, любы службовец абурыцца і пакажа вам, якія будуюцца храмы. У пераважнай большасці яны належаць Расейскай Праваслаўнай царкве. Але, паводле апытанняў грамадскай думкі, пераважная большасць грамадзян адносяць сябе менавіта да праваслаўных, запярэчыць службовец. Калі вы скажаце, што нават маліцца больш аднаго чалавека без згоды дзяржавы нельга, службовец адкажа: «Бог з вамі – гэта ж абарона грамадзян ад дэструктыўных сект і небяспечных культаў». Усё так. Але д'ябал, як вядома, крыецца ў дэталях. Па словах юрыста Дзіны Шаўцовай, ужо гадоў сем мы сутыкаемся з сітуацыяй, калі права на веравызнанне, на свабоду сумлення стала рэальна абмяжоўвацца на заканадаўчым узроўні:

«Рэлігійныя арганізацыі, якія і зарэгістраваныя, не могуць без дазволу ўлад збірацца ў арэндаваных памяшканнях. Абмежаванае і развіццё арганізацый, асабліва новых рэлігій, таму, што немагчыма дзейнічаць за межамі сваёй тэрыторыі. Апошнім часам мы сутыкнуліся з масавым высыланнем замежных святароў без абгрунтаваных прычын».

Шлях грамадзянскіх акцый

Прывёўшы мноства такіх аргументаў, Дзіна Шаўцова падагульніла, што парушаюцца не толькі міжнародныя дамоўленасці, але і Канстытуцыя краіны. Аднак праз суд, на думку Шаўцовай, паўплываць на дзейнасць улад немагчыма, таму застаецца шлях грамадзянскіх акцый.

У якасці такіх юрыст пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» Сяргей Луканін разглядае збор подпісаў супраць дзейнай рэдакцыі закона «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацый»:

«Сабраныя ўжо больш за 37 тысяч подпісаў. Мы не сумняваемся, што збярэм 50 тысяч, а можа і больш за тое. Давялося сустракацца неаднаразова і нашаму біскупу з прадстаўніка розных дзяржаўных структур, якія казалі пра адно: калі ласка, спыніце збор подпісаў, калі ласка, не рабіце гэтага. Відаць, у іх няма іншых аргументаў».

Трэба змяняць мышленне

Зрэшты, прысутныя далі зразумець, што галоўная прычына процідзеяння з боку ўлад – гэта боязь перамен і духоўнай апазіцыі. Як адзначыў пастар царквы «Новае Жыццё» Вячаслаў Ганчарэнка:

«У духоўным свеце можа апераваць толькі той чалавек, які разумее, што такое духоўная бітва. І вернікам гэта дадзенае. Таму нашы малітвы вызваляюць іншую атмасферу. Яны вызваляюць шляхі, па якіх прыходзяць перамены».

Ганчарэнка нагадаў гісторыю аб прароку Майсею, які вадзіў 40 гадоў свой народ па пустыні, датуль, пакуль не памерлі апошнія людзі, якія памяталі рабства. Сёння вернікі, на думку пастара, гэта авангард дэмакратыі і свабоды. Бо іх роля ў тым, каб змяняць мышленне народа:

«Калі народу з рабскім мышленнем даць выдатнага лідэра – адбудзецца канфлікт, яны апусцяць яго на свой узровень. І таму, для таго, каб у краіне адбыліся глабальныя перамены, неабходна змяняць мышленне народа. І вернікі, між іншым, гэтым таксама сур'ёзна занятыя».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках