У Вільні прадставілі тэлеканал Белсат
8- 29.11.2007, 16:27
З пачатку 2008 года ў студыях дзяржтэлебачання Літвы і Польшчы будуць стварацца праграмы, якія тэлеканал Белсат мае намер трансляваць на Беларусь. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі ў Вільні паведамілі ініцыятары праекту.
"На ажыццяўленне ідэі патрабавалася паўтары гады. Для яе рэалізацыі мы супрацоўнічалі і працягваем супрацоўніцтва з МЗС Літвы, Літоўскім дзяржаўным ТБ і незалежнымі журналістамі ў Польшчы, Літве і Беларусі", – сказала каардынатарка праекту Агнешка Рамашэўска-Гузі.
Праграмы, якія будуць стварацца ў Літве, Польшчы і, як адзначанае, "некаторыя – у Менску", вызначана трансляваць на тэрыторыю Беларусі праз польскія сеткі, якія перадаюць ТБ-сігнал. Глядзець іх змогуць толькі тыя, хто валодае спадарожнікавымі антэнамі. Імі ў Беларусі, па запэўніванні ініцыятараў праекту БЕЛСАТ, валодаюць 700 тысяч абанентаў.
У Вільні будзе здымацца асноўная дыскусійная праграма "Форум". Як адзначыў на прэс-канферэнцыі яе рэдактар Эдуард Мельнікаў, у студыю збіраюцца запрашаць як актывістаў беларускай апазіцыі, так і прадстаўнікоў афіцыйнага Менска.
Выпрабавальнае 3-х гадзіннае вяшчанне прызначанае на 10 снежня. З 1 студзеня БЕЛСАТ пачне транслявацца штодня па 16 гадзін у суткі, паведамляе ІТАР-ТАСС.