Расея закапае радыяцыю ля мяжы з Беларусьсю
8
12:06, — Грамадства
Сховішча радыеактыўных адкідаў пабудуюць на фундаментай пліце 4-га энергаблока Смаленскай атамнай электрастанцыі, якая знаходзіцца ў трох кіламетрах ад Дзеснагорска, што зусім непадалёк ад беларускай мяжы.
Рашэнне аб будаўніцтве на Смаленшчыне сховішча цвёрдых радыеактыўных адкідаў прынятае Федэральным агенцтвам па атамнай энергіі Расійскай Федэрацыі. Працы па ўзвядзенню комплексу пачаліся яшчэ ў 2001 г. Гэты комплекс будзе прызначаны для прыёму, сартыроўкі, перапрацоўкі і захоўвання перапрацаваных вадкіх і цвёрдых радыеактыўных адкідаў, паведамляюць Народныя навіны Віцебска.
Між тым,будаўніцтва сховішча радыеактыўных адкідаў выклікае вялікую занепакоенасць у насельніцтва Смаленшчыны. Асабліва хвалюе грамадскасць таямнічасць і закрытасць працаў.
Чыноўнікі ад атамнай энергетыкі спрабуюць заспакоіць грамадзянаў хаця б тым, што сховішча прызначаецца толькі для адкідаў Смаленскай АЭС. Аднак шэраг незалежных экспертаў адзначаюць, што будаўніцтва такога аб’екта занадта дарагое і нявыгаднае для адной атамнай станцыі і адкіды будуць звозіцца з іншых станцый, якія не маюць спецыялізаваных сховішчаў.
Калі ж расіяне пажадаюць падзарабіць на захоўванні радыеактыўных матэрыялаў з еўрапейскіх АЭС, то смертаносны груз пойдзе транзітам праз Беларусь.
Варта адзначыць, што праект будаўніцтва радыяцыйнага могільніку ў Літве непадалёк беларускай мяжы выклікаў моцнае абурэньне афіцыйнага Менску. А тым часам расейцы ўжо будуюць, таксама побач з нашай мяжой, а беларускія ўлады маўчаць. Не заўважылі?





