Улады спужаліся Сацыяльнага маршу
27- 4.11.2007, 15:37
Сацыяльны марш «За справядлівасць» прайшоў у Менску 4 лістапада. Паводле ацэнак арганізатараў, у акцыі ўзялі ўдзел каля 2 тысяч чалавек. Удзельнікі акцыі выставілі ўладам сацыяльныя патрабаванні – спыніць рост цэн, правесці ў краіне эканамічныя рэформы, вярнуць сацыяльныя ільготы, даць свабоду прыватнаму бізнэсу, падвысіць зарплаты і пенсіі. Падчас мірнай акцыі былі наладжаныя правакацыі. Відавочна, што пад чуткім кіраўніцтвам беларускіх спецслужб.
Сацыяльны марш стартаваў з пляцоўцы перад Акадэміяй навук. Пачыналася ўсё мірна. Іграў духавы аркестр, прыходзілі людзі з транспарантамі, нацыянальнымі бел-чырвона-белымі і партыйнымі сцягамі. У акцыі бралі ўдзел актывісты Партыі БНФ, Партыі камуністаў беларускай, Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), незалежныя прафсаюзы, грамадскія арганізацыі ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, прадпрымальнікі, пенсіянеры, студэнты, працоўныя.
Лозунгі дэманстрантаў – «Вярніце ільготы!», «Патрабуем годнага ўзроўню жыцця!», «Патрабуем падвышэння зарплат», «Улада грабіць народ», «Ганьба народным выбраннікам, якія пазбавілі нас льгот», «Не – падаражанню тарыфаў ЖКГ», «Ліквідатары – за сацыяльныя гарантыі», «Рукі прэч ад кішэняў людзей», «Свабоду палітвязням!, «За свабодныя выбары!»
Ля Акадэміі навук супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі ў арганізатараў гукаўзмацняльную апаратуру. Аднак, да шчасця, на плошчы Бангалор, дзе павінен быў прайсці мітынг, тэхніка была.
Сябры прафашысцкіх арганізацый «Белая воля» і «Белая Русь» прыйшлі на пляцоўку ля Акадэміі навук на самым пачатку акцыі. Яны стаялі ўбаку. Асобы былі схаваныя пад шалікамі. На пытанне, навошта яны прыйшлі, фашысты адказвалі, што нібыта падтрымліваюць патрабаванні ўдзельнікаў Сацыяльнага маршу.
Аднак калі пачала фармавацца калона, каб спакойна прайсці па вуліцы Сурганава на плошчу Бангалор, стала зразумела, што фашысты прыйшлі на акцыю зусім не за гэтым. Малойчыкі пачалі выкрыкваць лозунгі «Смерць лібералам!», «Кроў!». У адказ актывісты партыі анархістаў, якія прыйшлі на марш з барабанамі і сваімі чырвона-чорнымі сцягамі, сталі скандаваць «Не фашызму».
З боку было відавочна, што дзве процілеглыя групы правакуюць адзін аднаго. Актывісты дэмакратычных партый не лезлі ў лаянку паміж анархістамі і фашыстамі. Падпарадкоўвацца патрабаванням аднаго з арганізатараў акцыі, лідэра Партыі камуністаў Сяргея Калякіна, фашысты і анархісты адмаўляліся. Паказальна, што анархісты ўвесь час спрабавалі стаць наперадзе калоны, адціскаючы людзей пад нацыянальнымі сцягамі. Як і фашысты, яны скандавалі радыкальныя лозунгі. Пры тым, і фашысты, і анархісты падчас шэсця выйшлі на падарожную частку.
На вуліцы Сурганава слоўная сварка ператварылася ў сапраўдную бойню. Масавая бойка праходзіла проста на падарожнай частцы. Малойчыкі білі адзін аднаго кулакамі, нагамі, разбівалі аб галовы тронкі сваіх сцягоў. Бойка цягнулася хвілін 5-7, аднак ніводнага супрацоўніка міліцыі або АМАПа не было! Толькі хадзілі амапаўцы ў цывільным і размаўлялі па рацыі. Можа, кіравалі працэсам?
Як бы там ні было камандзір АМАПа Юры Падабед і некалькі дзесяткаў яго падпарадкаваных з'явіліся толькі пасля заканчэння бойкі. Пры гэтым яны не кранулі фашыстаў, а адразу кінуліся да галавы калоны, дзе мірна ішлі дэмакратычныя актывісты.
Зрабіўшы карцінку (напэўна БТ пакажа, што ў акцыях апазіцыі удзельнічаюць вось такія фашыствуючыя «атмарозкі»), і фашысты, і анархісты спакойна сышлі. Разам. Нібыта і не біліся зусім нядаўна…
Сацыяльны марш працягнуў свой шлях. Але ўжо ў суправаджэнні АМАПа і браняваных «МАЗаў». Да плошчы Бангалор атрымалася дайсці без здарэнняў. Там адбыўся мітынг з удзелам лідэраў партый, на якім была прынятая рэзалюцыя. Удзельнікі мітынгу патрабавалі адмяніць закон аб пазбаўленні ільгот, вярнуць сацыяльныя гарантыі, адмяніць палажэнні дэкрэту №29 аб прымусовых кантрактах, указ №760 і даць свабоду прадпрымальніцтву, не дапусціць змяненняў у пенсійным заканадаўстве, якія пагаршаюць становішча людзей, што працуюць у шкодных умовах, прыняць меры па паніжэнні кошту жылля, спыніць рост цэн.
А 14 гадзіне ўжо на Кастрычніцкай плошчы таксама сабраліся некалькі дзесяткаў чалавек – у асноўным з моладзевых арганізацый «Маладыя дэмакраты» і «Бунт». З расцяжкай «Не – адмене ільгот» яны прайшлі па праспекце Незалежнасці каля КДБ на плошчу Незалежнасці. Маладыя людзі пастаялі ля Дома ўрада, праспявалі «Магутны Божа» і разышліся.
Нагадаем, што напярэдадні акцыі шматлікія дэмакратычныя актывісты не змаглі прыехаць у Менск. З самай раніцы ля іх кватэр дзяжурылі міліцыянты. Раніцай таксама быў затрыманы кіраўнік аргкамітэта Сацыяльнага Марша Валеры Ухналёў – яго затрымалі на плошчы Бангалор, куды ён прывёз транспаранты. Праз паўтары гадзіны Ухналёў быў вызвалены.
«Было вельмі шмат простых людзей – і гэта самае галоўнае. Бо сітуацыя яшчэ не «разагрэлася» і сур'ёзнае падаражанне наперадзе. У хуткім часе сацыяльныя пратэсты стануць масавымі.
Як я чакаў, не абышлося без правакацый. Бойка фашыстаў з анархістамі – гэта была чыстая правакацыя. Упэўнены, не абышлося без удзелу ўлад і спецслужб. Ім трэба было паказаць, што ў сацыяльных акцыях удзельнічаюць экстрэмісты. Карцінка для БТ атрымалася. Гэта дае нам падставу задумацца аб арганізацыі мітынгаў і больш актыўнай працы аховы і дружыны», – сказаў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр ПКБ Сяргей Калякін.