10 чэрвеня 2026, Серада, 0:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Марыніч: «Кітайскія грошы пойдуць на брудную вытворчасьць»

2

Кітай дасьць Беларусі крэдыт паўмільярда даляраў. Адпаведны дакумэнт падпісалі сёньня ў Менску падчас візыту ў Беларусь кіраўніка кітайскага ўраду Вэнь Цзябао. Гэтыя грошы пойдуць на будаўніцтва новых лініяў вытворчасьці цэмэнту.

Былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Беларусі Міхаіл Марыніч лічыць, што да пашырэньня вытворчасьці цэмэнту трэба ставіцца надзвычай асьцярожна:

“Гэта брудныя тэхналёгіі. Разьмяшчэньне такіх вытворчасьцяў заўжды экалягічна небясьпечнае. І перагружаць рэспубліку цэмэнтнымі вытворчасьцямі, на мой погляд, недальнабачна. Такую палітыку можна назваць неапраўданай.

Так, цяпер існуе бум будоўлі, а гэта значыць, патрэбны і цэмэнт. Але ж доўгатэрміновага прагнозу на тое, што такая колькасьць цэмэнту будзе і надалей патрэбная, няма.

І яшчэ — тыя краіны, дзе ўжо цяпер больш думаюць пра будучыню, стараюцца пазбаўляцца ад шкодных вытворчасьцяў. З тэрыторыі высокаразьвітых краінаў іх выносяць. Выносяць туды, дзе лішак рабочай сілы, дзе экалягічныя праблемы стаяць ня так востра”, -- заявіў Марыніч для “Радыё Свабода”.

Сёньня кітайскі бок паабяцаў яшчэ некалькі крэдытаў. Але яны значна меншыя. Прынамсі, міжурадавая дамова прадугледжвае крэдыт на 27 мільёнаў даляраў.

Для кітайскага прэм’ера Беларусь — трэцяя краіна, якую ён наведвае падчас гэтага візыту. Дагэтуль Вэнь Цзябао ўжо пабываў ва Ўзбэкістане і Туркмэністане. Там яго прымалі першыя асобы краінаў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках