9 чэрвеня 2026, aўторак, 17:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Турэмны суд над Дашкевічам працягнецца 9 лістапада

Судовае пасяджэнне па справе лідэра «Маладога Фронту» Змітра Дашкевіча перанесенае на 9 лістапада. Як стала вядома прэс-цэнтру Хартыі’97, гэта звязанае з тым, што па законе працэс павінен пачынацца праз 5 дзён пасля атрымання падсудным пастановы аб судовым разглядзе.

Выязное пасяджэнне па справе Дашкевіча павінна было адбылося сёння ў Шклоўскай калоніі. На працэс быў дапушчаны толькі адвакат. Ні сваякоў, ні журналістаў у калонію не пусцілі.

Нагадаем, З.Дашкевіч адбывае пакаранне па абвінавачванні ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт". Прысуд быў вынесены 1 лістапада 2006 года. Змітра асудзілі на паўтара гады пазбаўлення свабоды. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Новая справа ў дачыненні 26-гадовага апазіцыянера была ўзбуджаная 14 жніўня па артыкуле 402 Крымінальнага кодэкса (адмова альбо ўхіленне сведкі або пацярпелага ад дачы сведчанняў), які прадугледжвае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення свабоды. З.Дашкевіч абвінавачваецца ў адмове ад дачы сведчанняў па справе, узбуджанай у дачыненні Івана Шыла, якому інкрымінавалася дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі "Малады Фронт". 4 верасня І.Шыла быў прызнаны вінаватым. У якасці пакарання суд вынес яму афіцыйнае папярэджанне.

Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" прызнала З.Дашкевіча вязнем сумлення, а беларуская апазіцыя стварыла камітэт па яго вызваленні і абвясціла пра стварэнне міжнароднай кампаніі салідарнасці з маладым палітыкам. Мэта гэтай кампаніі – інфармаванне шырокай грамадскасці аб справе Дашкевіча.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках