9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея выходзіць з ДОВСЕ. Беларусь застаецца

4

Дзяржаўная дума Расейскай Федэрацыі падтрымала законапраект аб спыненні дзеяння Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДОВСЕ). Рашэнне было прынятае аднагалосна – за яго прагаласавалі ўсе 418 дэпутатаў, якія прысутнічалі на пасяджэнні.

Начальнік генштаба Расеі Юры Балуеўскі ў сваім выступе аргументаваў неабходнасць выхаду Расеі з ДОВСЕ ваеннай небяспекай, якая ідзе ад краін Балтыі. "Сёння Латвія, Літва і Эстонія, якія выйшлі з ДОВСЕ ў 1991 годзе, імкліва ўзбройваюцца!" – заявіў ён.

Дамова аб звычайных узброеных сілах у Еўропе была падпісаная ў 1990 годзе краінамі-сябрамі НАТА і Арганізацыі Варшаўскай дамовы (АВД). Гэты дакумент рэгламентуе колькасць войскаў і колькасць баявой тэхнікі, якая можа знаходзіцца на ўзбраенні ў краін-удзеньніц ДОВСЕ, а таксама накладвае шэраг абмежаванняў на размяшчэнне войскаў. У 1999 годзе ў дамову былі занесеныя змяненні, якія ўлічваюць сітуацыю, што склалася пасля распаду АВД. На сёння падпісантамі ДОВСЕ з'яўляюцца 30 дзяржаў, аднак ратыфікавалі дамову толькі чатыры з іх – Украіна, Расея, Беларусь і Казахстан.

Занепакоенасць рашэннем Дзярждумы Расеі ўжо выказалі ЗША і НАТА.

ЗША не лічаць, што рашэнне Дзярждумы прыпыніць дзеянне для Расеі Дамовы аб узброеных сілах у Еўропе будзе спрыяць урэгуляванню гэтага пытання. Пра гэта заявіў на брыфінгу начальнік прэс-службы Дзярждэпартамента Шон Маккормак. Тым не менш ён зазначыў, што адміністрацыя Буша "ўсё яшчэ спрабуе выпрацаваць" нейкае ўзаемапрымальнае рашэнне.

"Я не думаю, што рашэнне Дзярждумы – апошні раздзел ва ўсёй гэтай гісторыі, – зазначыў Маккормак.– Але цалкам зразумела, што гэта крок, які мы не падтрымліваем". "Ідэя прыпынення Расеяй дзеяння ДОВСЕ выклікае ў нас турботу", – дадаў ён.

Учора ж афіцыйны прадстаўнік НАТА Джэймс Аппатурай заявіў, што любыя крокі, накіраваныя на выхад з дамовы, выклікаюць шкадаванне. Прадстаўнік альянсу падкрэсліў, што дзейная ДОВСЕ з'яўляецца асновай бяспекі ў Еўропе і што краіны НАТА падтрымліваюць скарэйшую ратыфікацыю адаптаванай дамовы. Пры гэтым ён адзначыў неабходнасць выканання Расеяй стамбульскіх абавязальніцтваў, якія, у прыватнасці, патрабуюць вываду расейскіх войскаў з Грузіі і Малдовы. Аппатурай адзначыў, што цяпер працягваюцца "актыўныя кансультацыі з усімі краінамі, якія падпісалі адаптаваную ДОВСЕ, пра яе ратыфікацыю і ўступленне ў сілу".

Учора ўвечары Міністэрства замежных спраў Украіны ў сувязі з рашэннем Дзярждумы Расеі апублікавала заяву. Кіеў выказаў "занепакоенасць дзеяннямі Расеі" і адзначыў, што "гэты крок можа стаць штуршком да аднаўлення недаверу на кантыненце". МЗС таксама выказаў здагадку, што пасля выхаду з ДОВСЕ Расея павялічыць колькасць войскаў на мяжы з Украінай. Зыходзячы з вышэйсказанага, Кіеў заклікаў Расею і НАТА вярнуцца да дыялогу аб ратыфікацыі дамовы. Варта адзначыць, што закон, прыняты ўчора Дзярждумай, дапускае магчымасць аднаўлення ўдзелу Расеі ў ДОВСЕ. Неабходнай умовай для гэтага з'яўляецца ратыфікацыя дамовы ўсімі сябрамі НАТА, у тым ліку краінамі Балтыі.

Кіраўніцтва Беларусі, нагадаем, таксама неаднаразова заяўляла пра тое, што не мае намеру выходзіць з дамовы, і працягне ўдзел у ДОВСЕ.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках