Аляксандр Макаеў: «Прадпрымальнікі не павінны ісці на перамовы, пакуль мы ў турме»
6
11:14, — Палітыка
У менскія суды сталі прывозіць лідэраў прадпрымальнікаў і дэмакратычных актывістаў, арыштаваных учора падчас акцыі пратэсту. Прадпрымальнікаў і апазіцыянераў, затрыманых напярэдадні і пасля мірнай дэманстрацыі, масава абвінавачваюць у «дробным хуліганстве» – амапаўцы даюць лжывыя сведчанні, што затрыманыя нецэнзурна лаяліся.
Як заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 перад пачаткам судовага працэсу адзін з прадпрымальніцкіх лідэраў Аляксандр Макаеў, «прадпрымальнікі не павінны ісці на перамовы з уладамі, пакуль усе, хто ішоў у абарону іх правоў, знаходзяцца ў турме».
1000 прадпрымальнікаў выйшлі ўчора на Кастрычніцкую плошчу Менска ў знак пратэсту супраць указаў Аляксандра Лукашэнкі, якія з новага года знішчаць іх бізнэс. Удзельнікі акцыі прынялі таксама рэзалюцыю, якую яны аднеслі ў Дом урада.
Да прадпрымальнікаў выйшаў старшыня парламенцкай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце, сувязі і прадпрымальніцтве Анатоль Паўловіч. Ён прапанаваў прадпрымальнікам сустрэцца ў самыя блізкія дні і абмеркаваць сітуацыю. Ён таксама гарантаваў удзельнікам акцыі, што яны не будуць затрыманыя і змогуць удзельнічаць у гэтай сустрэчы. Аднак пасля заканчэння акцыі ўсе яе арганізатары былі затрыманыя. Сёння ў Менску будуць судзіць намесніка старшыні Партыі БНФ Віктара Івашкевіча, лідэраў прадпрымальнікаў Віктара Гарбачова, Віктара Крываля, Віктара Калея, Аляксандра Цацуру, Аляксандра Макаева, дэмакратычных актывістаў Барыса Гарэцкага, Крысціну Шацікаву і Аляксея Кашкарава.
Навіны
па тэме





