Прэм'ер-міністра Украіны могуць абраць заўтра
15:28, — У свеце
Вярхоўная Рада Украіны заўтра адновіць працу а 10 гадзіне ў фармаце кансультацый, паведаміў народны дэпутат ад БЮТ Іосіф Вінскі. "Толькі што на пасяджэнні Пагаджальнай рады прынятае рашэнне аб аднаўленні працы парламента заўтра а 10 раніцы ў фармаце кансультацый", – сказаў Вінскі.
Прадстаўнік БЮТ удакладніў, што ў пасяджэнні Пагаджальнай рады бралі ўдзел прадстаўнікі ўсіх пяці фракцый парламента. "Усе пяць фракцый пагадзіліся на такое рашэнне", – дадаў ён.
Вінскі пацвердзіў, што пасяджэнне Пагаджальнай рады праходзіла без старшыні Вярхоўнай Рады Арсенія Яцанюка.
"Ён (Яцанюк – рэд.) заявіў, што не будзе браць удзелу датуль, пакуль не будзе разблакаваная трыбуна Вярхоўнай Рады", – адзначыў прадстаўнік БЮТ.
Пасля няўдалага ўчорашняга галасавання, Прэзідэнт Украіны паўторна ўнёс у Вярхоўную Раду прашэнне аб прызначэнні Юліі Цімашэнка на пасаду прэм'ер-міністра.
З самой раніцы рэгіяналы заблакавалі працу Рады. ПР запатрабавала ў першую чаргу абраць намеснікаў старшыні Рады і старшыняў парламенцкіх камітэтаў.
У выніку, пасяджэнне ВР так і не адкрылася, а лідэры фракцый сабраліся ў кабінеце спікера на кансультацыі з ім наконт далейшай працы парламента.
Праз некаторы час спікер пакінуў Вярхоўную Раду, так і не адкрыўшы пасяджэнне.
Было заяўленае, што кааліцыя да канца тыдня знойдзе рашэнне для забеспячэння прызначэння ўрада і прэм'ер-міністра, калі Партыя рэгіёнаў і надалей будзе блакаваць працу Вярхоўнай Рады.
Навіны
па тэме





