Расейцы супраць выдзялення крэдыту Лукашэнку (Фота)
21- 17.12.2007, 8:29
У Маскве 16 снежня каля амбасады Беларусі рух «Абарона» правёў акцыю салідарнасці з беларускім народам. Удзельнікі акцыі патрабавалі ад расейскага кіраўніцтва спыніць падтрымку дыктатуры Аляксандра Лукашэнкі.
«Расея застаецца апошнім саюзнікам рэжыму Лукашэнкі на міжнароднай арэне, – заявіў карэспандэнту «Новой газеты» на мітынгу ля беларускай амбасады адзін з яго ўдзельнікаў Алесь Чайчыц. – Лукашэнка ў першую чаргу абавязаны расейскай падтрымцы тым, што ў Беларусі так доўга трымаецца дыктатура. Расея ніяк не рэагуе на тое, што ў Беларусі людзі трапляюць у турму за свае перакананні, іх выганяюць з працы, з інстытутаў. Акрамя таго, мы не можам станоўча ўспрыняць тое, што Расея збіраецца выдзеліць Беларусі крэдыт у паўтара мільярды даляраў. Большая частка грошай будзе відавочна выдаткаваная на падтрыманне рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Мы звяртаемся да расейскага прэзідэнта, парламента і ўрада з тым, каб падтрымка рэжыму Лукашэнкі была спыненая».
«Я прадстаўнік беларускай дыяспары Масквы, – гаворыць Алесь Чайчыц. – 16 дзень кожнага месяца – гэта дзень салідарнасці з палітвязнямі ў Беларусі і ахвярамі палітычных рэпрэсій. Пачынаючы з 99-га года, выбітныя палітычныя і грамадскія дзеячы Беларусі, якія знаходзіліся ў апазіцыі Лукашэнку, знікалі або паміралі пры загадкавых абставінах. Сярод іх быў аператар расейскага тэлебачання Зміцер Завадскі. Усе гэтыя забойствы і знікненні не былі расследаваныя належным чынам. Яны сталі апагеем беззаконня, якое адбываецца ў Беларусі – адсутнасць свабоды выбараў, адсутнасць свабоды прэсы. Гэта класічны дыктатарскі рэжым».
Між іншым, на пачатку акцыі 15 актывістаў руху "Маладая гвардыя" арганізавалі правакацыю. З лозунгам: "Памаранчовы дурнап'ян, валі за акіян" "маладагвардейцы" раскідалі правакацыйныя ўлёткі. Аднак міліцыя аператыўна адрэагавала на дзеянні пракрамлёўскіх актывістаў, яны былі выправаджаныя з месца правядзення акцыі. Ахову правапарадку здзяйснялі 5-6 супрацоўнікаў міліцыі.



