Гарадоцкія чыноўнікі прапанавалі Уладзімеру Арлову прыехаць праз год
2- 18.12.2007, 16:20
Творчую сустрэчу з пісьменнікам Уладзімерам Арловым не дазволілі правесці чыноўнікі ў горадзе Гарадок на Віцебшчыне. Яна была запланаваная на 20 снежня.
Як паведамляе Еўрарадыё, па дазвол ў раённы аддзел культуры звярнулася ініцыятыўная група гарадоцкіх актывістаў. Сустрэча мусіла адбыцца ў адной з бібліятэк мястэчка.
Аднак была атрыманая адмова на падставе таго, што творчая сустрэча з пісьменнікам Арловым не ўваходзіць у планы ні аддзела культуры, ні мясцовых бібліятэк. У лісце з аддзела культуры спадару Арлову прапанавалі наведаць Гарадок на наступны год увосень і ўзяць удзел у запланаваным афіцыйным мерапрыемстве - "круглым стале".
Дарэчы, ініцыятараў творчай сустрэчы абразіла, што ліст з аддзела культуры быў напісаны на рускай мове, а прозвішча пісьменніка - з памылкай.
Як паведаміў адзін з удзельнікаў ініцыятыўнай групы Леанід Гаравы, творчая сустрэча з Арловым у Гарадку ўсё ж адбудзецца, але ўжо ў студзені. А дзеянні мясцовага аддзела культуры актывісты маюць намер абскардзіць.