Віцэ-прэм'ер: Балык шкодны для здароўя
24
8:40, — Эканоміка
Віцэ-прэм'ер Беларусі Іван Бамбіза парэкамендаваў грамадзянам не захапляцца дарагімі мяснымі прадуктамі. Намеснік старшыні беларускага ўрада мяркуе, што на прылаўках крам дастаткова прадуктаў, якія даступныя для насельніцтва. Іван Бамбіза дадаў, што цэны на сацыяльныя прадукты ўрад кантралюе.
Адказваючы на пытанні “дэпутатаў” у Авальнай зале, віцэ-прэм'ер заявіў, што сёння ў краіне шэраг харчовых прадуктаў каштуюць танней, чым у суседніх краінах.
"Сёння, напрыклад, малако ў два разы таннейшае, чым у нашых суседзяў. А на будучы год запланаваны рост рэальных прыбыткаў на 16 – 19%", – падкрэсліў Іван Бамбіза.
Журналісты пацікавіліся ў Івана Бамбізы наконт таго, што ж усё-ткі рабіць, пакуль зарплаты не падрастуць, піша «Тэлеграф».
"Працаваць… Працаваць разам з урадам. На балык не ўсе кідаюцца. Толькі асобныя грамадзяне яго купляюць. Я, напрыклад, ім не захапляюся, гэта для здароўя шкодна", – цытуе 21 снежня "Комсомольская правда в Беларуси" заяву Івана Бамбізы.
Бамбіза: грошай людзям заўсёды бракуе – гэта нармальна
Віцэ-прэм'ер беларускага ўрада прызнаў, што грошай людзям заўсёды бракуе, "але гэта нармальная з'ява". "Калі чалавек увесь час адчувае нездаволенасць сваімі прыбыткамі, гэта добра. Значыць, у яго заўсёды будзе стымул гэтыя прыбыткі павялічыць", – сказаў Іван Бамбіза.
Пры гэтым, выступаючы ў парламенце, віцэ-прэм'ер паабяцаў, што ў 2008 годзе не будзе рэзкага скоку цэн на прадукты харчавання. Разам з тым, зазначыў Іван Бамбіза, Беларусь і Расея працуюць у адзінай эканамічнай прасторы, таму яны павінны выконваць прапорцыю па падвышэнні цэн на прадукты харчавання. Калі цэны на харчаванне ў Беларусі не падвышаць, то яе стануць вывозіць у Расею, папярэдзіў пра наступствы віцэ-прэм'ер.
Напісаць каментар (24)





