19 красавiка 2024, Пятніца, 5:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За мужнасць і духоўны подзвіг

4
За мужнасць і духоўны подзвіг

Нацыянальная прэмія ў галіне абароны правоў чалавека за 2007 год была ўручаная сёння ў Менску аргкамітэтам Хартыі’97. У намінацыі «За абарону правоў чалавека і хрысціянскіх каштоўнасцяў» прэміяй узнагароджаная старшыня камітэта парафіі святога Язэпа Івона Мацукевіч. У намінацыі «За абарону правоў чалавека і свабоды творчасці» прэмію атрымала творчая суполка «Пагоня». У намінацыі «За асабістую мужнасць у абароне правоў чалавека» узнагароджаная праваабаронца і жонка палітвязня Таццяна Леановіч-Клімава.

Напярэдадні ўручэння прэмій міжнародны каардынатар Хартыі’97 нагадаў пра прысуд, які быў учора вынесены аднаму з лідэраў «Маладога Фронту», таксама лаўрэату Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека Артуру Фінькевічу.

«Я не магу не ўспомніць лаўрэата Нацыянальнай прэміі, аднаго з лідэраў «Маладога Фронта» Артура Фінькевіча, прысуджанага ўчора да 1,5 гадоў пазбаўлення свабоды. Гэта ганебны прысуд. Мы ведаем Артура як мужнага чалавека і будзем рабіць усё, каб вызваліць яго з-за кратаў», – сказаў Андрэй Саннікаў.

Прэмію «За асабістую мужнасць» Таццяне Леановіч-Клімавай, жонцы палітвязня Андрэя Клімава, уручаў экс-міністр знешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч, у мінулым таксама прысуджаны па палітычных матывах да пазбаўлення свабоды.

«Мяне захапляе воля і мужнасць Таццяны, усёй яе сям'і ў гэты цяжкі час. Такія людзі, як сям'я Клімавых, паказваюць нам прыклад бязмежнай мужнасці. Мы ўсе спадзяемся, што Андрэй Клімаў хутка выйдзе на свабоду», – сказаў Міхаіл Марыніч.

У адказ Таццяна Леановіч-Клімава нагадала, што сёння ў Беларусі, акрамя яе мужа, яшчэ пяцёра палітвязняў і неабходна змагацца за іх свабоду.

«Мне асабліва прыемна атрымаць гэтую прэмію менавіта з рук Міхаіла Марыніча. Я хачу падзякаваць аргкамітэту Хартыі’97 за тое, што мяне так ушанавалі, уручыўшы Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека. Дзякуй маёй сям'і, маім сябрам, маці Андрэя Але Пятроўне, журналістам, якія заўсёды мяне падтрымлівалі і ратавалі жыццё Андрэю. Цяпер у Беларусі ёсць палітвязні і іх нямала. Час ад часу ўлада кідае новых палітычных заложнікаў. Наша агульная задача ў тым, каб палітвязняў не было. Я мару пра тое, што гэты час надыдзе, усе палітвязні вярнуцца дамоў, у сем'і…» – сказала жонка Андрэя Клімава, прысуджанага да двух гадоў калоніі за публіцыстычны артыкул у Інтэрнэце.

Прэмію старшыне камітэта парафіі святога Язэпа Івоне Мацукевіч уручаў каардынатар Хартыі’97 Зміцер Бандарэнка. Цягам апошніх двух гадоў беларусы сталі сведкамі духоўнага подзвігу. Кожны дзень пасля вячэрняга набажэнства, а ў нядзелю пасля ранішняга Івона Мацукевіч прыходзіць да касцёла святога Язэпа. Яе малітвы накіраваныя на вяртанне Касцёла вернікам каталікам.

“Калі глядзіш фотаздымкі старога Менска, то бачыш, што ў горадзе на пачатку стагоддзя былі дзесяткі храмаў. Пазней значная частка з іх знікла. Але тое, што засталося, не вяртаюць вернікам. Мы ведаем, што Чырвоны касцёл, парафіянінам якога я з'яўляюся, зноў стаў храмам, Божым домам, дзякуючы вернікам, якія маліліся ля яго сцен шмат месяцаў, нават удзельнічалі ў галадоўках. Мы ведаем, што за Кафедральны касцёл у Менску таксама ішла барацьба – 8 месяцаў і 4 дні. Людзі штодня прыходзілі да храма і маліліся, каб храм не выкарыстоўвалі як спартовую залу. Сёння мы назіраем ужо некалькі гадоў, як людзі змагаюцца за вяртанне касцёла святога Язэпа. Да касцёла прыходзяць і моляцца дзесяткі, сотні, тысячы чалавек, але кожны дзень там бывае адзін чалавек – Івона Мацукевіч. Яна ўдзельнічала ў барацьбе за вяртанне Кафедральнага касцёла ўсе 8 месяцаў і 4 дні, яна змагалася за Чырвоны касцёл. Цяпер больш як два гады яна нясе духоўную вахту ля Касцёла святога Язэпа. Вялізны вам дзякуй!” – сказаў Зміцер Бандарэнка.

У адказ старшыня камітэта парафіі святога Язэпа адзначыла, што касцёл святога Язэпа забралі ў каталікоў 142 гады таму. «Колькі было змяненняў, колькі рэвалюцый, але святыня засталася. Святыня заўсёды вернецца да вернікаў, пакуль яе сцены стаяць. Не можа быць Бог папраны. Сёння мы просім Бога: хай нашы людзі апамятаюцца, хай нашы людзі вернуцца да Бога і адкрыюць перад ім сэрца. Беларусы здолеюць устаць з кален, калі ўстануць на калены перад Богам. Тое, што вы заўважылі мяне, нашу барацьбу за вяртаньне касцёла, гэта значыць, што ў нас яшчэ не ўсё страчанае, у нас ёсць магчымасці і ёсць будучыня», – сказала Івона Мацукевіч.

Прэмію творчай суполцы «Пагоня» уручыў міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў.

«Асабліва прыемна ўручаць гэтую прэмію суполке «Пагоня» напярэдадні вялікага свята, 90-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі. Уручаецца гэтая прэмія за абарону свабоды творчасці, за патрыятызм і непахісную грамадзянскую і творчую пазіцыю суполкі», – адзначыў Андрэй Саннікаў пры ўручэнні прэміі вядомаму мастаку Алесю Марачкіну.

«Фактычна, гэта прэмія за духоўнае адраджэнне. У аснове дзейнасці нашай суполкі пакладзеная, найперш, свабода творчасці і нон-канфармізм. Гэта наш беларускі супраціў. Першыя словы, якія анёл сказаў панне Марыі, калі спусціўся нас зямлю: «Не бойся!». Таму мы заўсёды гаворым сваім сябрам і калегам – не трэба баяцца. Таму што калі ў мастака ёсць страх, то ён не свабодны. Сёння мы рады, што ў Саюз мастакоў прыйшлі вельмі шмат людзей, блізкіх да суполкі «Пагоня». Мне здаецца, наступны год будзе вельмі цікавым. Мы свой творчы меч у ножны не склалі, і будзем пашыраць сваю духавую тэрыторыю. Жыве Беларусь!», – адзначыў старшыня творчай суполкі «Пагоня» Алесь Марачкін.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках