Абаронім Артура Фінькевіча!
14
11:24, “Малады Фронт” — Палітыка
Суд над Артурам Фінькевічам цягнуўся незвычайна доўга і марудна. Нягледзячы на дрэнны фізычны ды псыхалягічны стан хлопца, якому нават прыйшлося выклікаць хуткую і зрабіць уколы, судзьдзя Натальля Крашкіна вырашыла не пераносіць суд на іншы дзень, як яе двойчы прасіў Артур, а яшчэ з большай жорсткасьцю дапытвала маладафронтаўца.
Кожнаму чалавеку, які б пабачыў гэтае судзілішча, пэўна б стала сьмешна і адначасова вельмі-вельмі сумна: зьбялелы, хворы Артур Фінькевіч, які 2 гады адбыў на “хіміі” за палітычнае графіці і які не сумняваўся, што яму дадуць новы срок (так ён ціха сказаў адной з маладафронтавак, што сядзела побач), судзьдзя, якая і слухаць не хацела довады Артура і спыняла яго кожны раз, калі ён прыводзіў факты-доказы ціску і пагрозаў на яго, адвакатка, якая проста сядзела побач і амаль не абараняла хлапца, падстаўныя сьведкі, якія блыталіся і разыходзіліся ў сваіх сьведчаньнях, на што, акрамя Артура, які фактычна сам абараняў сябе, ніхто не зьвяртаў увагі, цяжкія стоны і рыданьні дзяўчат падчас абвяшчэньня прысуду:год і шэсьць месяцаў і 15 дзён – дакладная лічба. Суд праходзіў пад воклічы “Артур – мы з табою!”, “Жыве Беларусь!”, “Ганьба” , якія даносіліся з вуліцы і былі добра чутны ў залі. Гэтак выказвалі падтрымку свайму сябру актывісты, якіх не пусьцілі ў залю і якія, апрануўшы майкі “Свабоду Фінькевічу!” і разгарнуўшы маладафронтаўскія сьцягі, нягледзячы на мароз і пагрозы амапаўцаў, нікуды не сыходзілі цэлы дзень.
Сам Артур трымаўся мужна й стойка, нягледзячы на боль і сум. Час ад часу ён ківаў, усьміхаўся сваім сябрам, паказваў літару “V” – сымбаль перамогі. Мала хто ведае, што перад судом да Артура на працу кожны дзень прыходзілі супрацоўнікі КДБ, дапытвалі яго, схілялі да супрацоўніцтва, ціснулі, пагражалі фізычнай расправай. Калі Артур ізноў адмовіўся падпісваць паперу аб супрацоўніцтве , яго забралў СІЗА. Вельмі балюча і незразумела, што некаторыя людзі, паддаўшыя на правакацыі КДБ, паверылі ў ілжывае абвінавачваньне Артура, які заўсёды праяўляў сябе як мужны, разумны, справядлівы, сумленны маладафронтавец, атрымаў прэмію Хартыі’97 ў галіне абароны правоў чалавека, нават на “хіміі” праводзіў культурніцкія мерапрыемствы, лекцыі па правах чалавека для вязьняў, сумленна працаваў ў дзяцячым садочку, за што нават атрымаў падзякі. Справа Артура цалкам палітычная, сфальсыфікаваная, хоць некаторыя спрабуюць перавесьці яе ў бытавую, маўляў “менш трэба піць на хіміі”, “Артур сам прызнаў, хоць і часткова, сваю віну”.
Зараз рыхтуюцца дакуманты для апеляцыі, зьменена адвакатка, якая фактычна вынудзіла Артура часткова прызнаць сваю віну ў надзеі, што маладафронтаўцу дадуць паўгады турмы, якая не спраўдзілася, рыхтуюцца шматлікія акцыі ў абарону Артура, але гэтага мала. Артур у СІЗА, на яго штосэкундна аказваецца прэсінг, што можна параўноўваць з пыткамі, маладафонтаўцу патрэбна вашая падтрымка, салідарнасьць. Малады Фронт заклікае ўсіх неабыякавых, нязгодных, проста сумленных людзей дасылаць Артуру лісты падтрымкі, закідваць судзьдзю Наталюлю Крашкіну лістамі з партрэтамі маладафронтаўца, каб яна не забывала вобраз асуджанага ёю Артура, пісаць скаргі ў суд, праводзіць шырокую інфармацыйную кампанію. Абаронім Артура Фінькевіча! Жыве Беларусь!
Напісаць каментар (14)





