Мясцовы крэаціфф (Фота)
12
11:16, — Грамадства
Дзяржаўныя і муніцыпальныя органы працягваюць здзіўляць «крэатыўнымі» падыходамі да сацрэкламы. Гэты добры пласт у краіне распрацоўваецца настолькі па-дылетанцку, што другім разам дрыготка бярэ – хто ж усё гэта выдумляе?
Не паспеў “КИН” пацешыць сваім забойным каляндарыкам, як яшчэ адзін вельмі арыгінальны рэкламны ход быў знойдзены ў Слуцку, піша газета «Салідарнасць».
Там з дапамогай вось такога плаката імкнуцца забяспечыць бесперабойнае паступленне ў бюджэт плацяжоў за камуналку.
Эфект ад плаката наўрад ці будзе – кожны хоць трохі дасведчаны спецыяліст ведае, што прымітыўная рэклама дае зваротны вынік.
Ну дык Бог бы з ім, з слуцкім плакатам, калі б праблема не ляжала значна глыбей: практычна ўся айчынная сацыяльная рэклама дзівіць сваёй убогасцю і немудрагелістасцю, нагадваючы прамую, дубовую чыгуначную шпалу.
Усё ў лоб і без вынаходстваў. Прычым гэта тычыцца ўсіх – і Мінпрыроды, і Міністэрства па падатках і зборах, і МНС, і іншых. Возьмем іх тэлевізійныя ролікі, якія без стомы «катаюцца» на ўсіх ТБ-каналах. Пераказваць іх змест не хочацца, усе і так разумеюць, пра што ідзе гаворка.
Для параўнання можна ўзяць суседскую «сацыялку» – той жа «Расейскі праект» Кастуся Эрнста, які напэўна, нават праз столькі гадоў, памятаюць шматлікія тэлегледачы. Ролікі «Памятай пра блізкіх» з Нінай Усатавай, «Гэта мой горад» з Алегам Яфрэмавым, «Выратуй і захавай» з Ноннай Мардзюковай, «Я кахаю» з Юрыем Шаўчуком. Яны чапалі за жывое, былі блізкімі і зразумелымі. У адрозненне ад айчыннай сацыяльнай рэкламы.
І няпраўда, што ў нас рэкламу такога ўзроўню рабіць няма каму – прафесіяналаў хапае. Бракуе жадання заказчыка стварыць свой рэкламны плакат або ролік на высокім узроўні. Таму і выходзіць «цяп-ляп». У выніку грошы выдаткаваныя, а эфекту няма.

Напісаць каментар (12)





