«Newsweek»: У Беларусі атрымаюць аб’ектыўную інфармацыю
3- 4.12.2007, 10:49
“Newsweek” піша пра старт “Белсату”. У Беларусі змогуць глядзець аб’ектыўныя інфармацыйныя выпускі й праграмы на беларускай мове дзякуючы спадарожнікавай антэне.
З наступнага панядзелку, 10 сьнежня, пачынае працаваць “Белсат”, зазначае часопіс. Праект фінансуецца ў вялікай ступені зь бюджэту Польшчы пры падтрымцы іншых дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў. Для прыкладу, на летувіскім тэлебачаньні будзе запісвацца публіцыстычная перадача “Форум” з удзелам прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі й палітыкаў. “Белсат” таксама стараецца прыцягнуць да праекту журналістаў праскага Радыё “Свабода”, пры ўмове, што фінансавую падтрымку акажа ўрад Чэскай Рэспублікі, паведамляе “Польскае радыё”
Паводле дырэктара “Белсату” Агнешкі Рамашэўскай, тэлебачаньне таксама ўжо падтрымалі Ірляндыя й Злучаныя Штаты Амэрыкі. Амэрыканцы таксама спрычыняцца да фінансаваньня праекту. Плянуецца, што ў будучым годзе бюджэт “Белсату” складзе каля 10,5 млн. даляраў.
Аўтары праекту гавораць, што “Белсат” – гэта ня толькі інфармацыйны канал: па тэлебачаньні будуць паказваць фільмы ды сэрыялы, дубляваныя па-беларуску, паведамляе штотыднёвік “Newsweek”.