Ярмошына: У нас выбары не горшыя, чым у Расеі
11
8:29, — Палітыка
У Беларусі выбарчыя кампаніі праводзяцца не горш, чым у Расейскай Федэрацыі, лічыць старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына. Пра гэта яна заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН 4 снежня. Нагадаем, кіраўніца ЦВК у якасці назіральніка была запрошаная на парламенцкія выбары, якія адбыліся 2 снежня ў Расеі.
Паводле яе слоў, Цэнтрвыбаркам Беларусі "карыстаецца напрацоўкамі расейскіх калегаў, але гэта найперш інтэлектуальны плён". "Напрыклад, я прывезла вялікую торбу выданняў расейскага Цэнтрвыбаркама, якія тычацца пастаноў, прынятых падчас выбарчай кампаніі, а таксама ўтрымліваюць судовую практыку па выбарчых спрэчках", – адзначыла яна.
Л.Ярмошына паведаміла, што арганізацыя выбарчага працэсу ў Расеі "традыцыйная, як у нас, за выключэннем той невялікай колькасці ўчасткаў, дзе ўсталяваныя электронныя сканеры, дзе бюлетэні падлічваюць машыны".
Паводле яе слоў, "нават праца інфармацыйнага цэнтра расейскага ЦВК падобная на арганізацыю ў Беларусі, якая здзяйсняецца падчас правядзення нашых буйных выбарчых кампаній".
Пры гэтым Л.Ярмошына адзначыла, што ў Беларусі "ўжываюцца не гэткія дасканалыя інфармацыйныя тэхналогіі, як сістэма "Газ-выбары", якая здзяйсняе перадачу вынікаў выбараў". "Для Беларусі гэта не гэтак актуальна з улікам выдатнай электроннай і факсавай сувязі, поўнай тэлефанізацыі ўсёй краіны", – адзначыла кіраўніца Цэнтрвыбаркама.
Старшыня беларускага ЦВК лічыць, што "Газ-выбары" Беларусь не можа сабе дазволіць – гэта занадта дорага. "Ніводная дзяржава гэтага не можа сабе дазволіць, акрамя, відаць, Расеі. Любая тэхніка павінна працаваць і ў іншы час. Таму калі ў Беларусі і будзе дзейнічаць такая сістэма, то яна будзе брацца ў арэнду на перыяд выбарчай кампаніі", – адзначыла Ярмошына.
Нагадаем, што парламенцкія выбары ў Расеі не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю свабоднымі і справядлівымі. Як і ўсе выбарчыя кампаніі ў Беларусі, пачынаючы з 1996 года.
Напісаць каментар (11)





