9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Боснія пачала перамовы аб уступленні ў Еўразвяз

Еўрапейскі звяз і Боснія дамовіліся аб пачатку працэсу, у выніку якога з часам гэтая балканская краіна можа ўвайсці ў склад Еўразвяза, паведамляе ВВС.

Па словах камісара ЕЗ па пашырэнні Оллі Рэна, у тым, што тычыцца еўрапейскай інтэграцыі, Боснія і Герцагавіна павінна і будзе сама вызначаць свой лёс. Прэм'ер-міністр Босніі Нікола Спірыч, у сваю чаргу, заявіў, што гэта гістарычная магчымасць, якую нельга выпусціць.

На ўрачыстай цырымоніі ў Сараеве павінен быў прысутнічаць каардынатар Еўрапейскага Звязу па знешняй палітыцы Хаўер Салана, аднак яго самалёт з прычыны дрэннага надвор'я давялося пасадзіць у Харватыі.

Вярхоўны прадстаўнік міжнароднай супольнасці ў Босніі і Герцагавіне Міраслаў Лайчак падкрэсліў, што пачатак папярэдняга перамоўнага працэсу "можа гучаць як фармальнасць, аднак ён мае велічэзную сімвалічную важнасць – пасля доўгіх месяцаў палітычнага паралічу".

Пагадненне было падпісанае пасля таго, як была дасягнутая дамоўленасць аб рэформе баснійскай паліцыі: гэтая рэформа – адна з умоў, высунутых Еўрапейскім Звязам перад пачаткам папярэдніх перамоваў аб магчымасці прыняцця Босніі ў склад ЕЗ.

Пасля кровапралітнай грамадзянскай вайны 1992-1995 гадоў, пацягнуўшай самую вялікую колькасць чалавечых ахвяр у Еўропе з часу Другой сусветнай, Боснія і Герцагавіна была падзеленая на дзве тэрыторыі: Мусульманска-Харвацкую Федэрацыю і Рэспубліку Сербскую.

У кожнай з іх, апроч уласных парламентаў і ўрадаў, ёсць і ўласныя паліцэйскія фармаванні, і ЕЗ дамагаецца іх зліцця і спынення раздзялення сілаў правапарадку па этнічнай прыкмеце.

Папярэдняе пагадненне аб пачатку перамоваў будзе лічыцца рэалізаваным толькі пасля аб'яднання двух паліцэйскіх фармаванняў; баснійскае кіраўніцтва спадзяецца, што падпісанне не папярэдняй, а паўнавартаснай дамоўленасці можа адбыцца ўжо ў сярэдзіне наступнага года.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках