Месца сустрэчы змяніць нельга
19
16:28, — Палітыка
Арганізатары мітынгу прадпрымальнікаў, які павінен прайсці 10 снежня ў Менску, былі запрошаныя ў Менгарвыканкам. З прадпрымальнікамі Аляксандрам Макаевым, Віктарам Калеем, Алегам Шабетнікам і Віктарам Крывалем сустрэліся намеснік старшыні Менгарвыканкама па ідэалогіі Генадзь Курбека і намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі і спецыяльнай міліцыі ГУУС Менгарвыканкама Раман Мельнік. Службоўцы прапанавалі прадпрымальнікам правесці мітынг на плошчы Бангалор. Арганізатары акцыі катэгарычна адмовіліся – прадпрымальнікі выйдуць пратэставаць толькі на Кастрычніцкую плошчу.
"Мы не бачым іншай магчымасці змяніць сітуацыю з прадпрымальніцтвам у Беларусі. Мы катэгарычна не згодныя ісці на Бангалор. Акцыя пройдзе выключна на Кастрычніцкай плошчы. Арганізатары гатовыя несці адказнасць. Заклікаю сваіх калегаў нічога не баяцца і ісці на плошчу", – заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў.
Меркаванне Макаева падзяляе яшчэ адзін заяўнік акцыі – Віктар Калей.
"Надакучыла гэтае бессэнсоўнае таптанне па плошчы Бангалор. Гэта не вырашае ніякіх праблем. Мы, вядома, хацелі сесці за стол перамоваў з уладамі. Але рэальных перамоваў няма, ёсць толькі маналог улады. Калі нас не чуюць, то магчыма пачуюць, калі мы выйдзем на Кастрычніцкую плошчу", – сказаў прэс-цэнтру Хартыі’97 прадпрымальнік.
Нагадаем, 10 снежня а 12 гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску пройдзе мітынг прадпрымальнікаў. Сярод асноўных патрабаванняў прадпрымальнікаў – адмена дыскрымінацыйнага ўказу №760 ад 29 снежня 2006 года, спыненне судовага пераследу прадпрымальнікаў за выказванне свайго меркавання і выкананне ўрадам 12 умоў Еўрапейскага Звязу, сярод якіх павага правоў грамадзян Беларусі на справядлівы суд і прадпрымальніцкую дзейнасць без празмернага ўмяшання ўлад.
Напісаць каментар (19)




