Замяталін прапанаваў абкласці падаткам галівудскія фільмы
12- 6.12.2007, 8:33
Каб падтрымаць беларускае кіно, трэба ўвесці падатак на галівудскае. Такую ці то прапанову, ці то паведамленне агучыў дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Замяталін, былы галоўны ідэолаг краіны.
Уладзімір Замяталін распавёў пра гэтую прапанову “Беларусьфільма” ў інтэрв’ю “Народнай газеце”. Але пракаментаваць гэтую заяву адмаўляецца. "Еўрарадыё" пагутарыла аб сэнсе падатку з дырэктарам “Кінавідэапракату” Васілём Коктышам. Ён распавёў, што размовы пра новы падатак ішлі даўно.
“Замяталін нічога не вынайшаў, я пра гэта чуў і ад іншых асоб, гэта абмяркоўвалася ў кулуарах. Пра гэты падатак, каб неяк падтрымаць нацыянальную кінастудыю… Замяталін тут не першы. Кінастудыя падтрымліваецца цяпер дзяржаўнымі грашыма. Калі прымуць рашэнне падтрымаць за кошт падатку - падтрымаем”, -- сказаў Коктыш.
Па словах Васіля Коктыша, у мінскіх кінатэатрах 30% фільмаў - амерыканскія. І адмаўляцца ад гэтага кіно ніхто не будзе, бо менавіта яго абірае большасць гледачоў. Іншая справа, што на ім можна зарабіць.
“У нас 30% амерыканскага кіно. Але на гэтыя 30% прыходзіцца 70% гледачоў. Ну што я магу сказаць… Калі мы не дамо 30% амерыканскага кіно, то згубім 70% гледачоў. Мы не настолькі багатыя, каб утрымліваць гэтыя вялізныя кіназалы, якія, на жаль, былі пабудаваныя такімі, іх ужо не перабудуеш. Нам не патрэбныя залы на 1300 месцаў і на 900 месцаў, але яны ўжо ёсць”, -- сказаў чыноўнік.
Каб зарабіць на Галівудзе, трэба падняць кошт на квіткі. Маўляў, калі гледачам падабаецца, яны згодзяцца плаціць крыху больш. Аднак гэтага можа не здарыцца, бо тое ж самае кіно можна глядзець не толькі ў кіназалах.
“У нас няма куды расці коштам на квіткі. У нас па тэлебачанні ідуць фільмы бясплатна, у нас шмат танных дыскаў. Пры такой канкурэнцыі, калі мы падымем кошты на квіткі, то мусім быць падрыхтаванымі да такой сітуацыі, якая была ў 1997 годзе. Тады ў кіно ў Мінску ніхто не хадзіў, а ўсе глядзелі на відэа ці па тэлеканалах”, -- адзначыў Коктыш.