9 чэрвеня 2026, aўторак, 8:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуціна могуць сустрэць у Менску акцыямі пратэсту

25

Ці зьбіраюцца незалежніцкія сілы арганізоўваць пратэсты супраць візыту Пуціна ў Беларусь? З гэтым пытаньнем «Наша Ніва» зьвярнулася да вядомых у Беларусі людзей.

Лявон Баршчэўскі, сябра Сойму Партыі БНФ: «Візыт Пуціна ў Менск — трывожная навіна. Сустрэча будзе двухдзённай, гэта значыць, што нейкія пытаньні будуць вырашацца ноччу, а ў цёмны час робяцца толькі нядобрыя справы. Пуцін, найхутчэй, будзе спрабаваць прыціснуць Лукашэнку і пайсьці на ягоныя ўмовы. А іншай канцэпцыі, як уваходжаньня Беларусі ў склад Расеі, у Крамля няма. Шмат ужо хто забыўся на маніфэст Сініцына і Парфяновіча пра ўваходжаньне нашай краіны ў Расею, але ёсьць людзі, якія гатовыя зьдзейсьніць гэты плян. Пратэставаць безумоўна варта».

Сяргей Папкоў, старшыня КХП БНФ: «Мы ня можам ведаць, пра што будуць гаварыць Пуцін з Лукашэнкам. Гэта нейкія мышыныя дамоўленасьці. Такія візыты ніколі не прыносілі нічога добрага. Пагроза беларускай незалежнасьці існуе ад 1994 году. Калі ёсьць рашучая моладзь, якая гатовая пратэставаць падчас гэтых перамоваў, то мы гатовыя іх падтрымаць».

Іван Шыла, актывіст “Маладога Фронта : «Акцыі пратэсту ладзіць, безумоўна, патрэбна. Нешта падобнае «Малады фронт» ужо рабіў летась падчас саміту кіраўнікоў дзяржаў СНД у Менску».

Вячаслаў Сіўчык, актывіст апазіцыі: «Я баюся гэтага візыту, бо ніхто ня ведае, дзеля чаго Пуцін едзе ў Менск. Гэтага ня ведаюць ні ва ўладных колах, ні ў апазыцыйных. Мяне насьцярожвае, што гэтая сустрэча будзе адбывацца напярэдадні лёсавызначальных для Расеі падзей — зьезду «Адзінай Расеі» і першага паседжаньня новага складу Дзяржаўнай Думы. Думаю, што ў менскай сустрэчы можа быць некалькі канчатковых варыянтаў разьвіцьця — ад нэўтральных да вельмі сумных для Беларусі, яе незалежнасьці. Калі ёсьць магчымасьць, то акцыі трэба ладзіць, як напярэдадні візыту, так і падчас яго».

Акрамя таго, намесьнік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч зрабіў заяву на гэты конт.

«Праз тыдзень у Менск думае прыехаць Пуцін. Зайсьці мае як госьць, а сыйсьці, відаць, хоча як гаспадар. У строгай таямніцы трымаюцца пакты, якія адзін дыктатар прывязе на подпіс другому. Найверагодней, цёмная справа тычыцца незалежнасьці нашай Радзімы, якую мераюцца прынесьці ў ахвяру шэрым схемам працягу ўладараньня гэтых адыёзных асобаў».

Алесь Міхалевіч заклікае сяброў‑фронтаўцаў, моладзь, вернікаў‑хрысьціянаў, усіх неабыякавых да лёсу краіны людзей выступіць супраць візыту Пуціна ў Беларусь:

«9‑га сьнежня, у нядзелю, а 15‑й гадзіне бярыце сьвяты сьцяг і прыходзьце да Галоўпаштамту, каб адправіць тэлеграму Пуціну. Тэлеграму ад кожнага з нас з адным толькі словам: Прэч! Хай нас будзе поўная плошча Незалежнасьці, а калі перашкодзяць — пойдзем да вакзалу, яго не ачэпіш; перадамо лісты цягніком».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках