9 чэрвеня 2026, aўторак, 6:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арыштаваны высокі службовец Мінабароны

3

Беларуская ваенная пракуратура санкцыянавала арышт падпалкоўніка Міністэрства абароны. Чарговы скандал у вайсковым ведамстве звязаны з пастаўкамі рэчавай маёмасці для патрэб беларускага войска і лабіяваннем інтарэсаў камерцыйнай структуры ў шкоду інтарэсам міністэрства. Уся сутнасць – у гальштуках.

Такога чыну скандалы – вялікая рэдкасць у Мінабароны. Такі канфуз з ваенным ведамствам здараўся толькі ў 2005 годзе, калі быў арыштаваны начальнік упраўлення ракетна-артылерыйскага ўзбраення міністэрства палкоўнік Уладзімір Талай. За хабары ён за бясцэнак прадаваў камерсантам вайсковыя аўтамабілі. На лаву падсудных патрапіў не толькі сам У.Талай, але і камандзір адной з воінскіх частак, якая дыслакавалася ў Гомелі, пяць прадстаўнікоў бізнэсу і… дырэктар Дэпартамента цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі Анатоль Пупко. У траўні гэтага года Ваенная калегія Вярхоўнага суду вынесла суровы прысуд усім абвінавачваным, прызначыўшы ім вялікія тэрміны пакарання. Палкоўнік У.Талай, у прыватнасці, быў прысуджаны да 11 гадоў пазбаўлення свабоды з канфіскацыяй маёмасці.

Не паспела Мінабароны перавесці дух пасля асуджэння палкоўніка, як грымнуў новы скандал. Прычым, судзячы па пачатку расследавання, наступствы ад гэтай справы могуць быць не менш сур'ёзнымі. Пэўна, менавіта таму Мінабароны адмаўляецца ад усякіх каментараў. Начальнік прэс-службы Мінабароны Вячаслаў РАМЕНЧЫК заявіў "Ежедневнику": "Я не магу даваць каментары па гэтай справе без пісьмовага дазволу следства".

Як атрымалася высветліць "Е", гэтым разам пад крымінальны пераслед патрапіў падпалкоўнік – начальнік аддзела замоў і паставак рэчавай маёмасці Мінабароны. Аператыўную распрацоўку ў дачыненні яго праводзіла Упраўленне ваеннай контрвыведкі КДБ, дзе таксама пакуль адмаўляюцца ад любых каментараў.

Між іншым атрымалася высветліць, што прэтэнзіі да падпалкоўніка ўзніклі з прычыны паставак афіцэрскіх гальштукаў. На думку следства, пры правядзенні працэдуры закупу гальштукаў начальнік аддзела пралабіяваў інтарэсы адной фірмы, у якой купіў прадукцыю па завышанай цане. У выніку Мінабароны пераплаціла за прэзентабельны знешні выгляд сваіх афіцэраў каля 40 млн рублёў. Натуральна, у поле зроку следства патрапіла і камерцыйная фірма, і іншыя афіцэры МА, задзейнічаныя ў дадзеным пагадненні.

Нагадаем, што па беларускім заканадаўстве пагадненні з выкарыстаннем бюджэтных сродкаў на суму звыш як 3 млн рублёў павінны заключацца праз тэндэр. Аднак, як растлумачылі "Е" ў Ваеннай пракуратуры, у Беларусі тэндэр ужо даўно перастаў быць перашкодай. Карупцыянеры звычайна дзеляць адно буйнае пагадненне на дзесятак дробных, кожнае з якіх не перавышае ўсталяваны ліміт, і такім чынам атрымоўваюць поўную свабоду ў выбары пастаўшчыка.

Якім чынам падпалкоўнік здолеў правесці пагадненне паблізу пільнага вока мноства кантралёраў, пакуль незразумела. Гэта павінна ўсталяваць следства. Цяпер жа ў дачыненні падпалкоўніка ўзбуджаная крымінальная справа па ч.3 арт.455 КК РБ (злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады, пацягнуўшыя цяжкія наступствы), якая прадугледжвае пакаранне да 12 гадоў пазбаўлення свабоды.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках