Вячорка выйграў, але не перамог? (Фота)
1- 8.12.2007, 19:23
У другім туры выбараў на з’ездзе Партыі БНФ лідэр партыі Вінцук Вячорка атрымаў 118 галасоў. Яго намеснік Алесь Міхалевіч – 110 галасоў. Агулам у з'ездзе ўдзельнічалі 242 дэлегата. Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч, паводле статута, каб старшыня партыі лічыўся абраным, трэба, каб за яго прагаласавала 50% дэлегатаў +1 голас. Такім чынам, Вінцуку Вячорку не хапіла літаральна 4 галасоў.
Аднак вядома, што 10 бюлетэняў былі прызнаныя несапраўднымі. Што зробяць з імі і як будзе адбывацца галасаванне, пакуль невядома. Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка не камэнтуе сітуацыі. Па яго словах, усё стане вядома заўтра. Тэлефон Алеся Міхалевіча не адказвае.
Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 кіраўнік юрыдычнай службы Партыі БНФ Уладзімер Лабковіч, вынікі галасавання будуць вядомыя заўтра.
Кіраўнік Берасцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Юрась Губарэвіч ў інтэрв’ю прэс-цэнтру Хартыі’97 адзначыў, што заўтра лідэра партыі могуць і не абраць. Цалкам верагодна, што адбудзецца яшчэ адна сесія з’езду.




