9 чэрвеня 2026, aўторак, 13:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З «будоўлі стагоддзя» зніклі 50 мільёнаў даляраў

Праз 15 месяцаў пасля ўвядзення ў строй новага будынка Нацыянальнай бібліятэкі ўрад зацвердзіў яго канчатковы каштарысны кошт. Згодна з падлічанымі выдаткамі будаўніцтва грандыёзнага аб'екта абышлося краіне ў 247,9 млн рублёў у цэнах 1991 года. Калі верыць гэтым лічбам, то невядома куды зніклі выдаткаваныя раней каля 50 млн даляраў.

Будаўніцтва будынка Нацыянальнай бібліятэкі, здаецца, стане не толькі самым грандыёзным і амбіцыйным праектам часоў кіравання цяперашняга прэзідэнта, але і самым заблытаным і скрытным. Цягам усяго будаўніцтва, ды і пасля яго, яго кошт змяніўся самым нечаканым чынам, піша газета «Ежедневник».

Першапачаткова ў зацверджаным у лютым 2003 года архітэктурным праекце быў закладзены каштарысны кошт у 203,7 млн рублёў у цэнах 1991 года.

У канцы 2005 года (за паўгода да заканчэння будаўніцтва) на спецыяльнай прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы рэалізатары праекту прызналіся, што яго новы каштарысны кошт узрос да 333,4 млн рублёў у цэнах 1991 года. Цяпер высвятляецца, што цана ўсяго аб'екта склала 247,9 млн. рублёў усё ў тых жа цэнах 1991 года.

Атрымліваецца, што ўсяго за паўгода кудысьці зніклі раней выдаткаваныя 85,5 млн рублёў. Пералічэнне цэнаў 1991 года ў рэальныя – даволі складаная працэдура, дзе прысутнічае мноства пераменных. Аднак з вялікай доляй верагоднасці можна сказаць, што 85,5 млн рублёў таго часу – гэта прыблізна каля 110 млрд рублёў цяперашніх, або 50 млн даляраў.

Аналагічная сітуацыя назіраецца і па рэальных цэнах, якія агучваліся афіцыйнымі асобамі.

Першапачаткова гаварылася пра тое, што ўзвядзенне аб'екта абыдзецца ў 120 млн даляраў. За паўгода да заканчэння будаўніцтва намеснік міністра культуры Уладзімір Грыдзюшка нечакана прызнаецца, што будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі абыдзецца краіне ў 450 млрд рублёў, гэта значыць у 210 млн даляраў.

Але перад самым адкрыццём аб'екта той жа Грыдзюшка гаворыць, што на ўзвядзенне будынка разам з закупам абсталявання выдаткавана 344 млрд рублёў, гэта значыць каля 160 млн даляраў.

Атрымліваецца, што і па рэальных цэнах за апошнія паўгода будаўніцтва кудысьці зніклі раней выдаткаваныя 50 млн даляраў. Улічваючы, што сума гэтая немаленькая, наўрад ці можна выказаць здагадку, што за ты я паўгода, што засталіся да заканчэння будаўніцтва, яе раптам нейкім цудоўным чынам атрымалася зэканоміць.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках