9 чэрвеня 2026, aўторак, 7:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктара Івашкевіча арыштавалі за падрыхтоўку Еўрапейскага Марша

3

Старшыня аргкамітэта Еўрапейскага Марша, намеснік кіраўніка Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і намеснік кіраўніка Партыі камуністаў Беларускай Валеры Ухналёў былі арыштаваныя ўвечары 25 верасня на выхадзе з кафэ "Эль Памідора" на вуліцы Чырвонай у цэнтры Менска. Палітыкі святкавалі ў кампаніі сяброў дзень нараджэння Віктара Івашкевіча, якому споўнілася 48 гадоў. Калі лідэры партый выйшлі з кафэ, да іх пад'ехаў аўтобус з АМАПам. Амапаўцы заявілі, што вядомыя палітыкі парушаюць грамадскі парадак і заштурхнулі іх у аўтобус.

Супрацоўнікі АМАПа патрабавалі ў палітыкаў дакументы. Пры гэтым самі амапаўцы былі без бэджей. Пасля таго як В.Івашкевіч і В.Ухналёў запатрабавалі ў іх прадставіцца, з'явіўся лейтэнант па прозвішчы Шпакоўскі. Ён назваў сябе і заявіў, што палітыкі падазраюцца ў здзяйсненні дробнага хуліганства. В.Івашкевіча і В.Ухналёва на аўтобусе даставілі ва УУС Першамайскага раёна.

Валеры Ухналёў неўзабаве быў вызвалены. Аднак, як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 праваабаронца Уладзімір Лабковіч, у дачыненні старшыні аргкамітэта Еўрапейскага Марша Віктара Івашкевіча быў складзены пратакол па двух артыкулах – «знаходжанне ў нецвярозым выглядзе ў грамадскім месцы» і «парушэнне правіл арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў». Івашкевіча абвінавацілі ў распаўсюджванні ўлётак з заклікам узяць удзел у Еўрапейскім Маршы.

«Гэта, безумоўна, правакацыя, якая пераследуе мэту дыскрэдытаваць арганізатара Еўрапейскага Марша і ізаляваць яго на час асноўнай падрыхтоўкі акцыі. Я думаю, што Віктар Івашкевіч можа не выйсці з ізалятара да 14 кастрычніка. Гэта не дзіўна, улічваючы практыку, якую выкарыстоўвае ўлада ў апошнія гады. Пасля гэтага можна чакаць, што, як і раней перад масавымі акцыямі, будуць працягвацца арышты актывістаў апазіцыі па надуманых абвінавачваннях», – пракаментаваў прэс-цэнтру Хартыі’97 арышт Івашкевіча праваабаронца.

«Беларуская «партыя вайны» робіць усё, каб сарваць дыялог паміж уладай і апазіцыяй. Гэтыя людзі выдатна разумеюць, што Еўрапейскі Марш стане пачаткам мірнай трансфармацыі палітычнай сістэмы ў Беларусі і дапаможа нармалізацыі стасункаў з Еўропай. Сарваць Еўрапейскі Марш ім не атрымаецца. Марш будзе масавым і пройдзе, як запланаванае», – заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з сябраў аргкамітэта Еўрапейскага Марша Зміцер Бандарэнка.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках