Законапраект аб амністыі разгледзяць увосень
9:34, — Палітыка
Законапраект аб амністыі плануецца разгледзець на восеньскай сесіі «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Беларусі. Як паведаміў карэспандэнту БелТА намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы ніжняй палаты «парламента» Юры Андрэеў, рашэнне прапанаваць дадзены законапраект для ўключэння ў парадак дня сесіі, якая мае быць, было прынятае сёння на паседжанні камісіі.
Па словах суразмоўцы, разглядаць законапраект адразу ў двух чытаннях не плануецца. Спачатку ён будзе вынесены на абмеркаванне ў першым чытанні, а пасля дапрацоўкі з улікам заўваг ад «дэпутатаў» – у другім.
Адзначым, што законапраект аб амністыі паступіў у «парламент» Беларусі на пачатку верасня. Ён прадугледжвае вызваленне ад пакарання асуджаных за злачынствы, за якія заканадаўствам прадугледжанае да 6 гадоў пазбаўлення свабоды. Сярод іх ільготныя катэгорыі асоб па-за залежнасці ад тэрміна адбытага пакарання; іншыя асобы, якія адбылі не менш за адну траціну прызначанага тэрміна абмежавання (пазбаўлення) свабоды або накіравання ў дысцыплінарную воінскую частку, а таксама асуджаныя да арышту па-за залежнасці ад тэрміна яго адбыцця. Таксама паводле праекту дакумента вызваляюцца ад пакарання асуджаныя за асобныя цяжкія эканамічныя злачынствы: крадзеж, махлярства і інш. і адбыўшыя не менш за адну траціну прызначанага тэрміна пакарання; усе асуджаныя, у якіх да заканчэння тэрміна адбывання абмежавання (пазбаўлення) свабоды або накіравання ў дысцыплінарную воінскую частку застаецца менш за адзін год.
У выніку прапанаванай амністыі ад адбывання пакарання можа быць вызваленае больш як 3,5 тыс. асуджаных, у тым ліку з месцаў пазбаўлення свабоды – больш за 1,6 тыс.
Юры Андрэеў таксама паведаміў, што Пастаянная камісія па нацыянальнай бяспецы прапаноўвае разгледзець на восеньскай сесіі папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях пазапраўнага абарачэння наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў (другое чытанне), па пытаннях процідзеяння экстрэмізму (першае чытанне), па пытаннях дзейнасці пракуратуры Беларусі (першае чытанне) і папраўкі ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс (першае чытанне).





