Нацбанк гуляе з рублём
- 27.09.2007, 12:36
Стаўка рэфінансавання Нацыянальнага банка Беларусі з 1 кастрычніка 2007 года будзе паніжаная на 0,25 працэнтных пункты. Яе ўзровень складзе 10% гадавых. Адпаведная пастанова №180 прынятая Упраўленнем Нацыянальнага банка.
Паніжэнне стаўкі рэфінансавання накіраванае найперш на далейшае патанненне крэдытаў банкаў як для насельніцтва, так і суб'ектаў гаспадарання. Ці захавае Нацбанк пры гэтым прывабныя ўмовы для захоўвання ўкладанняў у беларускіх рублях у параўнанні з дэпазітамі ў замежнай валюце, гэта ўжо пытанне. Аналітыкі адзначаюць, што рост зберажэнняў у замежнай валюце апошнім часам моцна апярэджвае рост рублёвых дэпазітаў. Пры істотным паскарэнні інфляцыі, для якога ёсць усе перадумовы, узровень прыбытковасці нават па тэрміновых укладаннях, можа апынуцца недастатковым, каб забяспечыць захаванасць зберажэнняў.
Тым больш, што асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2008 год прадугледжанае далейшае паніжэнне стаўкі рэфінансавання да канца 2007 года да 7-9% гадавых. На будучы год яе значэнне запланаванае ў такіх жа межах.