9 чэрвеня 2026, aўторак, 9:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У рэдакцыі «Товарища» ператрус: канфіскаваны 10.000 газет

Сёння раніцай з офісу рэдакцыі недзяржаўнай газеты “Товарищ” міліцыянты забралі каля 10 тысяч асобнікаў апошняга нумару выдання. Прыкладна ў 9.00 у памяшканне рэдакцыі ўварваліся каля 10 чалавек - супрацоўнікаў міліцыі і байцоў АМАПу.

Як расказаў прэс-службе БАЖ галоўны рэдактар “Товарища” Сяргей Вазняк, міліцыянты заявілі яму, што па іх аператыўных звестках апошні 620-ты нумар газеты нібыта быў надрукаваны не ў Смаленскай друкарні, як заяўлена ў накладных дакументах, а ў іншай. Невядомы чалавек у цывільным, які суправаджаў міліцыянтаў, сілай забраў мабільны тэлефон у С.Вазняка.

У выніку ператрусу міліцыянты забралі каля паловы накладу 620-га нумару “Товарища”, рэшткі некалькіх папярэдніх накладаў, а таксама суправаджальныя дакументы на два апошнія нумары газеты. Пратакол выемкі склаў капітан Ленінскага РАУС Мінска А. Шырэц.

Напярэдадні, 26 верасня, у Жлобіне супрацоўнікі ДАІ затрымалі два аўтамабілі актывістаў Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ), якія перавозілі з Мінску частку накладу (каля 7.000) апошняга нумару “Товарища” для распаўсюду ў Жлобінскім рэгіёне.

Аўтамабілі спынілі супрацоўнікі ДАІ і заявілі, што хочуць праверыць багажнік. Аднак уладальнікі не дазволілі аглядаць свае транспартныя сродкі без прысутнасці пракурора. У выніку аўтамабілі былі адагнаныя да будынка Жлобінскага ГРАУС, дзе знаходзяцца да гэтага часу.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках