МЗС Беларусі пазітыўна ацэньвае прызначэнне спецдакладчыка Еўрапарламента
- 27.09.2007, 14:33
Міністэрства замежных спраў Беларусі ацэньвае прызначэнне спецыяльнага дакладчыка Еўрапейскага парламента па Беларусі Басціана Белдэра, як пазітыўны крок, заявіў на брыфінгу ў Менску начальнік упраўлення інфармацыі – прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў.
"Мы лічым, што Еўрапарламент сам мае права вызначаць формы ўзаемадзеяння з Беларуссю, і схільныя лічыць, што дадзенае прызначэнне адыходзіць ад прынцыпаў канфрантацыі, якім Еўрапарламент кіраваўся раней", – сказаў А.Папоў.
Ён дадаў, што гэтае прызначэнне азначае "пераход да канструктыўных формаў узаемадзеяння", паведамляе «Інтэрфакс».
"Калі нашы партнёры прытрымліваюцца таго ж меркавання, то гэтае прызначэнне паслужыць на карысць стасункам Беларусі і Еўрапарламента", – адзначыў прэс-сакратар МЗС.