Оруэла пераклалі на беларускую мову
14:53, — Культура
"Беларускі Гальфстрым", "Вэтэраны адраджэньня" і БНФ "Адраджэньне" прэзэнтуюць тры новыя аўдыякнігі: "150 пытаньняў і адказаў", "Джордж Оруэл" і "Мікола Ермаловіч".
150 пытаньняў пытаньняў і адказаў. Энцыкляпэдыя старая як сьвет. На гэты раз у аўдыёфармаце. Пад адной вокладкай, на адной кружэлцы сабраны ўвесь курс гісторыі Беларусі, ад Рагвалода да сучаснасьці. Ліцэісты - Алесь Вараб'ёў і Ганна Талака - сваімі нясьпелымі галасамі адно за адным задаюць пытаньні, і мажны Сяргей Харэўскі дае слушныя глыбокія адказы. Гісторыя на далоні. Рэч прыдасца школьніку, абітурыенту, студэнту, навукоўцу. Штораз як слухаеш - даведваесься нешта новае.
Мікола Ермаловіч. Лісты, выступы, гутаркі, вершы вядомага гісторыка й мысьляра. Вядомы і адначасна невядомы нам Ермаловіч сабраны на адным носьбіце. Гісторык паўстае як мудры публіцыст, яркі паэт, самаахвярны змагар за нацыянальнае адраджэньне. Матэрыял уражвае сваёй глыбінёй і актуальнасьцю. Тэкст чытае Валер Мазынскі. Час гучаньня - 6 гадзінаў
Джордж Оруэл. 1984. Фэрма. Джордж Оруэл – ангельскі пісьменьнік й публіцыст. Вядомы сваімі антыфашыстоўскімі й антыкамуністычнымі перакананьнямі. У сатыры “Фэрма” Оруэл паказаў перараджэньне бальшавіцкіх прынцыпаў і праграмаў падчас і пасьля рэвалюцыі 1917 года. Жывёлы фэрмы “Мэнар” арганізуюць бунт пад споклічамі роўнасьці й справядлівасьці, выганяюць гаспадара-эксплюататара і бяруць гаспадарку ў свае рукі. Сьвіньні бяруць на сябе адказнасьць за кіраваньне фэрмай. Фэрмай цяпер кіруюць жывёлы, але іх парадкі ці нечым адрозьніваюцца ад людзкіх? Раман 1984 – працягвае тэму “Фэрмы”. Оруэл выявіў будучую сусьветную супольнасьць як татальны іерархічны лад, пранізаны страхам і нянавісьцю. Менавіта ў гэтым рамане ўпершыню прагучала знакамітае выслоўе “Вялікі брат глядзіць на цябе”, а таксама наватворы “двухдумства” альбо “думзлачынства”. Пераклад Сяргея Шупы. Чытае Валер Будзевіч. Час гучаньня - 19 гадзінаў!
Аўтары абяцаюць, што неўзабаве ўсе аўдыякнігі можна будзе спампаваць у сеціве.





