9 чэрвеня 2026, aўторак, 20:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Старшыню КДБ просяць ушанаваць памяць рэпрэсаваных

27 верасня кіраўнікі грамадскага аргкамітэта па ўвекавечанні памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій накіравалі ліст старшыне Камітэта дзяржбяспекі Юрыю Жадобіну з просьбай дазволіць ускладанне кветак да будынка ўнутранай турмы КДБ у Менску, дзе ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі расстраляныя каля 100 чалавек.

Ліст падпісалі сустаршыні аргкамітэта – геолаг Радзім Гарэцкі, гісторык Ігар Кузняцоў і пісьменнік Васіль Якавенка.

У лісце адзначаецца, што 2007 год знамянальны знакавай падзеяй – 70-годдзем кульмінацыі масавых палітычных рэпрэсій у СССР. "Набліжаецца дзень, калі ў турме НКВД у Менску пасля катаванняў былі расстраляныя каля сотні дзеячаў культуры, прадстаўнікоў дзяржаўнага апарата і ЦК КП(б)Б, у тым ліку шмат пісьменнікаў і журналістаў. Наш аргкамітэт з гэтай нагоды праводзіць шэраг урачыста-жалобных мерапрыемстваў і мае намер у Дзень памяці 29 кастрычніка прынесці кветкі да так званай "Амерыканцы", дзе ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года была ажыццёўленая вышэйназваная акцыя", – гаворыцца ў лісце.

Яго аўтары спадзяюцца, што кіраўніцтва КДБ дазволіць групе грамадзян прайсці да будынка турмы з кветкамі і свечкамі для выканання памінальнага акту. У склад групы ўваходзяць інжынер Уладзімір Раманоўскі і педагог Надзея Тарасевіч, народжаныя ў ГУЛАГу, былыя рэпрэсаваныя Надзея Дзямідовіч, Сяргей Кардаш, Уладзімір Святлоў, Вячаслаў Станішэўскі і Сяргей Ханжанкоў, а таксама пісьменнікі і нашчадкі рэпрэсаваных Алена Кобец-Філімонава, Леанід Маракоў і Васіль Якавенка.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках