10 чэрвеня 2026, Серада, 0:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СНД ужо нічога не выратуе

СНД ужо нічога не выратуе

На наступным тыдні ў Душанбэ пройдзе чарговы саміт СНД, на якім цэнтральным пытаннем стане рэформа арганізацыі. Па словах кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова, да саміту, які запланаваны на 4–5 кастрычніка, эксперты па даручэнні прэзідэнтаў падрыхтавалі канцэпцыю далейшага развіцця СНД і прылады па яе рэалізацыі. Аднак фармат Садружнасці наўрад ці зменіцца: унутраная напруга такая, што кожны рэзкі рух можа пацягнуць яе распад.

Праект рэформы пакуль мала хто бачыў. Вядома толькі, што ён уводзіць штогадовую ратацыю краін – старшыняў Садружнасці. Раз у год будзе змяняцца і каардынатар па наглядзе за выкананнем яго рашэнняў, аднак санкцый за іх невыкананне як не было, так і не плануецца. Адзінае рашэнне, якое ўдзельнікі саміту могуць палічыць абавязковым, тычыцца адаптацыі нацыянальных заканадаўстваў да СГА. Праз 16 гадоў пасля «вялікага выбуху» краіны СНД працягваюць сыходзіць ад Расеі і імкнуцца да знешніх цэнтраў сілы.

На думку экспертаў, у Душанбэ Уладзіміру Пуціну ўсё гэта абавязкова прадэманструюць Аляксандр Лукашэнка і Міхаіл Саакашвілі. Апошнім часам на глебе прэтэнзій да Крамля паміж імі азначыўся дзіўны альянс. На пачатку верасня кіраўнік МУС Грузіі Вано Мерабішвілі нечакана з’явіўся ў Беларусі. Лукашэнка паведаміў госцю пра «выдатныя» асабістыя стасункі з спадаром Саакашвілі, абвясціў пра адкрыццё ў Менску амбасады Грузіі і пра абмен дыпмісіямі паміж Беларуссю і краінамі ГУАМ. Сяброўства Беларусі ў АДКБ гэтаму не замінае, бо не дае Менску скідак на расейскую нафту. 11 кастрычніка ў Вільні пройдзе саміт краін Балта-Чарнаморска-Каспійскага рэгіёна, дзе, у прыватнасці, будуць абмяркоўваць пракладку аднаго з адгалінаванняў нафтаправода Адэса – Броды цераз Беларусь. Цаной удзелу ў праекце для Менска будзе далейшая карэкцыя знешняй палітыкі.

У гаспадара саміту Эмамалі Рахмона да Масквы свае пытанні: у Таджыкістане асцерагаюцца, што расейскія падрадчыкі будаўніцтва Рагунскай ГЭС заменяць водна-энергетычны баланс на карысць багатага газам Узбекістана. З Нурсултанам Назарбаевым таксама няпростая гутарка: праект Прыкаспійскага газаправода ў Расею буксуе на фоне актывізацыі прац па Транскаспійскім газаправодзе на Захад. Пад пытаннем прыбыццё ў Душанбэ лідэраў Азербайджана і Арменіі: лёс Карабаха яны абмяркоўваюць у рамках АБСЕ. Фактычна махнула рукой на СНД і сама Расея: на пачатку кастрычніка ў тым жа Душанбэ пройдзе форум ЕўрАзЭС, з якім у Маскве звязваюць больш надзей.

«СНД прыходзіць да стану, у якім павінна знаходзіцца: не інтэграцыйная, а рэгіянальная пляцоўка для перамоваў, вынікі якіх ні да чаго не абавязваюць», – сказаў РБК daily намеснік дырэктара Інстытута краін СНД Уладзімір Жарыхін. «Садружнасць вытрыманая як прэзідэнцкі клуб і ні на што большае прэтэндаваць ужо не зможа, – дадае эксперт Расейскага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксандр Скакоў. – Краіны СНД аб'ектыўна сталі занадта рознымі».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках