Энергетычнае супрацоўніцтва магчымае толькі з дэмакратычнай Беларуссю
- 28.09.2007, 12:46
Беларусь разлічвае на пашырэнне дыялогу з Літвой і іншымі краінамі Еўразвяза ў сферы энергетыкі і энергетычнай бяспекі, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі ў Менску на сустрэчы ў Доме ўрада з Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам Літвы ў Беларусі Эдмінасам Багдонасам.
"І для Еўразвяза, і для Літвы пытанні энергетычнай бяспекі таксама важныя як і для Беларусі", – заявіў С.Сідорскі.
Па яго словах, "мы робім вялікія намаганні для дыверсіфікавання залежнасці ад энергакрыніц, і ў нас ёсць значны рух наперад", адзначыў прэм'ер. У гэтай сувязі Беларусь зацікаўленая развіваць супрацоўніцтва з Літвой і Еўразвязам, не толькі ў сферы транзіту энергарэсурсаў, але "мы прапаноўваем шырэй глядзець на супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі", – падкрэсліў С.Сідорскі.
Звяртаючыся да амбасадара, С.Сідорскі сказаў, што "ваш урад прапаноўвае весці дыялог па пашырэнні транзітных магчымасцяў, мы як транзітныя краіны сходзімся ў пытаннях энергетычнай бяспекі, але мы хацелі б працаваць па цэлым шэрагу энергетычных пытанняў". У гэтай сувязі прэм'ер-міністр адзначыў, што "мы цяпер вядзем перамовы з Еўразвязам па Энергетычнай Хартыі.
Нагадаем, што 20-21 верасня міжнародны каардынатар Хартыі’97, былы намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саннікаў па даручэнні аргкамітэта Еўрапейскага Марша знаходзіўся з візітам у Брусэлі. У сталіцы Бельгіі Андрэй Саннікаў сустрэўся з прадстаўнікамі Еўрапейскай Камісіі, у прыватнасці, з начальнікам аддзела Еўракамісіі па Украіне, Малдове і Беларусі Хільдай Хардэман, старэйшым дарадцам Вярхоўнага камісара па знешняй палітыцы Еўразвяза Піркка Тапіола, іншымі супрацоўнікамі Еўракамісіі, Рады Еўразвяза, а таксама з Генеральным сакратаром Еўрапейскага руху Хенрыкам Кронерам.
Як стала вядома Андрэю Саннікаву, бессэнсоўныя рэпрэсіі ў дачыненні актывістаў дэмакратычнага руху Беларусі ўжо сарвалі працяг абмеркавання пытання аб энергетычнай бяспецы Беларусі з Еўракамісіяй.
«На пачатку кастрычніка планаваўся прыезд дэлегацыі Еўракамісіі ў Менск для таго, каб растлумачыць пазіцыю беларускіх улад па пытаннях магчымага энергетычнага супрацоўніцтва, і гарантавання энергетычнай бяспекі. Аднак ён быў скасаваны менавіта з прычыны рэпрэсій апошніх тыдняў», – паведаміў Андрэй Саннікаў.