Касцян ідзе ў спікеры «палаткі»?
13:05, — Палітыка
28 верасня ў “палаце прадстаўнікоў” “нацыянальнага сходу” Беларусі адбылося экстраннае пасяджэнне дэпутацкай групы "Славянскі парламенцкі саюз". У інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік групы, намеснік старшыні камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Сяргей Касцян зазначыў, што "нарада была рабочай, на ёй разглядалася адна з кандыдатур на пасаду старшыні «палаты прадстаўнікоў»". Паводле яго слоў, "абмеркаванне было канкрэтным і дзелавым".
Назваць канкрэтнае прозвішча дэпутат адмовіўся, палічыўшы гэта заўчасным.
С.Касцян таксама зазначыў, што «дэпутаты» "гаварылі і пра іншыя кандыдатуры, але прыйшлі да высновы, што падтрымліваць будуць адну". Прапаноўваць кандыдатуру на пасаду старшыні ніжняй палаты «парламента» будзе сам кіраўнік парламенцкай групы, у якую ўваходзяць 15 дэпутатаў.
Нагадаем, пытанне аб прызначэнні новага старшыні «палаты прадстаўнікоў» будзе разгледжана дэпутатамі 2 кастрычніка ў першы дзень працы сёмай сесіі. Найбольш верагоднымі кандыдатурамі на гэтую пасаду называюцца намеснік старшыні Сяргей Забалоцец і старшыня камісіі па міжнарожных справах і сувязях з грамадскасцю з СНД Вадзім Папоў, які быў спікерам «парламента» папярэдняга склікання. Дарэчы, цяпер В.Папоў уваходзіць у склад дэпутацкай групы "Славянскі парламенцкі саюз". Яшчэ адзін дэпутат — Сяргей Гайдукевіч – сам заявіў аб намеры балатавацца на пасаду старшыні Палаты прадстаўнікоў.





