Даклад Еўрапарламента «замарожаны», бо сітуацыя ў Беларусі не палепшылася
- 28.09.2007, 15:28
Даклад дэпутата Еўрапарламента Бастыяна Белдэра замарожаны, бо з "2004 года сітуацыя ў Беларусі не толькі не палепшылася, але і стала больш рэпрэсіўнай". Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН заявіў польскі дэпутат, намеснік кіраўніка камітэта па знешніх сувязях парламента ЕС Януш Анышкевіч.
Раней МЗС Беларусі заявіў аб тым, што прызначэнне Еўрапарламентам дакладчыка па Беларусі Б.Белдэра можа сведчыць аб пераходзе" да канструктыўных формаў узаемадзеяння". Паводле слоў прэс-сакратара МЗС Андрэя Папова, "згаданае прызначэнне азначае адыход парламента ЕС ад тых канфрантацыйных пазіцый, якія гэтая структура спавядала ў адносінах да нашай краіны ў мінулым".
Я.Анышкевіч заявіў, што прызначыўшы Б.Белдэра дакладчыкам Еўрапарламента па Беларусі ў 2004 годзе, Камітэт па знешніх сувязях даручыў яму падрыхтаваць даклад не аб сітуацыі ў краіне, а аб тым, якім павінна быць Пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве паміж ЕС і Беларуссю. Падобны дагавор Брусель падпісвае з кожнай з краін, што ўключаны ў Еўрапейскую палітыку добрасуседства. Беларусь — адзіная краіна—сусед ЕС, з якой гэта пагадненне не падпісана.
Польскі дэпутат адзначыў, што гэты дакумент, падрыхтаваны Б.Белдэрам, "адлюстроўвае меркаванне Еўрапарламента, а не яго ўласнае" і ён "замарожаны як і само пагадненне".
Паводле слоў Я.Анышкевіча, Еўрапарламент, як і астатнія еўраструктуры "працягваюць чакаць, што Мінск пяройдзе ад пустых заяў аб гатоўнасці развіваць адносіны і дакажа гэта на справе". "Неабходна аслабіць тыя ціскі, якімі беларускія ўлады сціскаюць горла беларускага грамадства", — лічыць Я.Анышкевіч. Для пачатку, паводле яго слоў, беларускім уладам "варта вызваліць палітычных вязняў", затым аблегчыць нормы рэгістрацыі НДА і палітычных партый. "Гэта і будуць сапраўдныя крокі насустрач ЕС", — заявіў дэпутат.
Брусель "гатовы чакаць" вызвалення палітычных зняволеных, факт існавання якіх у Беларусі ўлады не прызнаюць. Я.Анышкевіч таксама падкрэсліў, што ціск на афіцыйны Мінскі ідзе толькі па-за, а не знутры: "Не ЕС, а грамадскае меркаванне і ціск беларускага грамадства павінны падштурхнуць урад на дэмакратычныя рэформы: бо пры дапамозе палітычнага ціску ўлада можа захапіць, але ўтрымліваць яе будзе цяжка".