Прадпрымальнікі распрадаюць маёмасьць
4
13:43, — Эканоміка
Больш як 30 прыватных гандляроў на рынку “Славянскі” у Берасьце адмовіліся ад далейшай арэнды працоўных месцаў. Сваё рашэньне яны тлумачаць адсутнасьцю пэрспэктываў у разьвіцьці бізнэсу.
Лідэр берасьцейскага аддзяленьня рэспубліканскага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Віктар Чайкоўскі паведаміў “Радыё Свабода”, што уладальнікі тых гандлёвых месцаў, якія абсталяваныя так званымі ралетамі (камэрамі для продажу й захоўваньня тавару), распрадаюць гэтую маёмасьць.
“Калі першапачатковы кошт абсталяваньня быў у 5-7 тысяч даляраў, то цяпер зьнізіўся да 3-4 тысяч. У мясцовых газэтах – безьліч прапаноў. Гэта сьведчыць, што прыватныя гандляры не спадзяюцца на станоўчае вырашэньне цяперашніх праблемаў”, – перакананы Віктар Чайкоўскі.
Тым болей, што апошнім часам, зь ягоных слоў, ускладнілася сытуацыя на беларуска-ўкраінскай мяжы.
“На пераходах “Макраны” і “Дзівін” цяпер строга абмяжоўваюць увоз тавару, – паведамляе Віктар Чайкоўскі, – у аднаго чалавека багаж не можа перавышаць 35 кіляграмаў. Перавозчыкам даводзіцца тэрмінова выклікаць зь Берасьця сяброў ці знаёмых, каб на іх аформіць увоз так званага лішку тавару, які закуплены за межамі Беларусі”.
Навіны
па тэме





