Беларусы навучыліся карыстацца інтэрнэт-браняваннем білетаў
2
12:29, — Грамадства
Паслуга бранявання авія- і чыгуначных білетаў праз Інтэрнэт карыстаецца ў беларусаў усё большай папулярнасцю, паведамілі БелТА ў Міністэрстве транспарту і камунікацый Беларусі. За мінулы год праз Інтэрнэт былі забраняваныя 14,5 тыс. білетаў на чыгуначны транспарт, з іх 174 замовы з дастаўкай па месцы патрабавання.
Па словах спецыялістаў, найбольшая колькасць замоў да аператараў Беларускай чыгункі паступала ўлетку. Штодня ў гэты перыяд праз Інтэрнэт браняваліся каля 200 білетаў на цягнікі як міжнародных, так і ўнутрырэспубліканскіх паведамленняў. Да канца года колькасць замоў трохі знізілася. Цяпер у будныя дні аператары прымаюць каля 50 заявак у дзень.
Новая сістэма замовы білетаў на чыгуначны транспарт праз Інтэрнэт пачала дзейнічаць у Беларусі ў траўні 2007 года. Білеты можна заказваць на сайце БЖД (http://www.rw.by/) у перыяд ад 3 да 45 сутак да адпраўлення цягніка. Апрацоўка заявак робіцца штодня з 8.00 да 20.00. Кошт бранявання складае 1190 беларускіх рублёў за кожнае замоўленае месца, а плата за дастаўку абыходзіцца ў 20 тыс. беларускіх рублёў незалежна ад колькасці білетаў у замове. Новаўвядзенне спрашчае працэс набыцця білетаў і робіць яго больш камфортным для пасажыраў, падкрэслілі ў Мінтрансе.
Расце попыт і на паслугу інтэрнэт-бранявання авіябілетаў. Сёння электронныя білеты дзейнічаюць практычна на ўсіх міжнародных рэйсах «Белавиа». Так, на авіялініі Менск–Лондан больш як 80% рэалізаваных авіябілетаў – электронныя. Галоўная перавага такога білета ў тым, што пасажыр ніколі яго не страціць. Дадзеныя пра рэалізаваныя білеты заносяцца аператарамі НАК «Белавиа» ў спецыяльную інфармацыйную базу. Тым, хто набыў электронны квіток, на рэгістрацыі перад вылетам досыць падаць персаналу авіякампаніі свой пашпарт.
Цяпер НАК «Белавиа» укараняе новую сістэму – продаж білетаў праз Інтэрнэт. Кожны жадаючы зможа выбраць сабе неабходны авіярэйс з прыдатным тарыфам і аплаціць яго шляхам уводу нумара сваёй пластыкавай карты ў спецыяльную графу на сайце «Белавиа». Гэтае новаўвядзенне палепшыць узровень абслугоўвання пасажыраў, скароціць час, неабходны на набыццё білетаў. Плануецца, што паслуга будзе дзейнічаць на ўсіх рэгулярных авіярэйсах.
Навіны
па тэме





