Беларускія памежнікі спынілі спробу кантрабанды папугаяў
10- 23.01.2008, 15:30
Беларускія памежнікі заявілі ў сераду, што імі была прадухіленая спроба пазапраўнага ўвозу на тэрыторыю краіны 277 папугаяў. Папугаяў паспрабавалі перавезці на ровары.
Прэс-сакратар Камітэта Памежных войск РБ Аляксандр Цішчанка паведаміў Reuters, што кантрабандыст кінуў свой ровар і груз, які складаўся з шасці клетак, і ўцёк на тэрыторыю Украіны, пасля таго як быў заўважаны каля прапускнога пункта Дубкі у аўторак увечары.
«Клеткі былі прымацаваныя да звычайнага ровара. У кожнай клетцы знаходзілася па 40-50 папугаяў, як шпроты ў банцы», – распавёў ён. «Можаце сабе ўявіць, як гэта выглядала. Гэтае чыстае варварства. Бедныя птушкі».
Дзве птушкі загінулі. Астатніх пакінулі на ноч на памежным пасту.
Папугаяў перадалі ветэрынарам. У далейшым плануецца перадаць птушак у зоамагазіны Беларусі.