Арабскі шэйх прыехаў у госці да беларускай цёшчы
7- 24.01.2008, 10:22
Учора ўвечары ў Менск прыляцеў пляменнік кіраўніка Дубаі (ААЭ) шэйх Саід бін Мактум аль Мактум.
"Яго жонка Наташа захацела пабачыць сваіх сваякоў і ўгаварыла мужа наведаць Менск", – паведаміла "Інтэрфаксу" крыніца, па словах якой шэйха ў Беларусі суправаджае невялікая група асоб. Спыніцца ж ён мае намер у гасцініцы "Менск".
"Сапраўды, шэйх прыехаў да нас у Беларусь. Аднак яго візіт ніяк не звязаны з спортам – ён прыехаў выключна па сямейных акалічнасцях", – пацвердзіў інфармацыю старшыня Беларускай федэрацыі стэндавай страляніны Андрэй Герашчанка.
У жніўні мінулага года шэйх Саід бін Мактум аль Мактум упершыню пабываў у Беларусі, прыняўшы ўдзел у адкрытым Кубку Беларусі па стэндавай страляніне. Падчас свайго візіту, які цягнуўся каля 3 тыдняў, шэйх ажаніўся на грамадзянцы Беларусі Наташы Аліевай, якая працавала ў гасцініцы "Менск".