ЦВК РФ адмовіўся рэгістраваць Касьянава кандыдатам у прэзідэнты
14
11:04, — Палітыка
Апошні рэальны апазіцыйны кандыдат Міхаіл Касьянаў не будзе зарэгістраваны кандыдатам у прэзідэнты Расеі. Цэнтрвыбаркам РФ забракаваў 13,38% подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку самавылучэння экс-прэм'ера Міхаіла Касьянава кандыдатам на пасаду прэзідэнта РФ, выбары якога пройдуць 2 сакавіка, паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Конкін.
Такім чынам, Касьянаў не зможа ўдзельнічаць у выбарах, бо кандыдат не можа быць зарэгістраваны ў выпадку, калі будуць забракаваныя больш як 5% подпісаў.
"У выніку праверкі былі выяўленыя 80 тысяч 261 несапраўдных і няпэўных подпісаў, што складае 13,38%. У выніку праверкі колькасць пэўных подпісаў складае 1 мільён 983 тысяч 405 подпісаў. Такім чынам, колькасць пэўных подпісаў меншая за 2 мільёны, што з'яўляецца падставай для адмовы рэгістрацыі кандыдата на пасаду прэзідэнта РФ. Кандыдат Касьянаў пратакол не атрымаў, хоць быў запрошаны для атрымання копіі пратаколу", – гаворыць Конкін.
Раней паведамлялася, што расейскія палітолагі выказалі меркаванне пра тое, што экс-прэм'ера Міхаіла Касьянава не зарэгіструюць кандыдатам у прэзідэнты РФ.
У аўторак афіцыйны прадстаўнік Генпракуратуры РФ Таццяна Чарнышова паведаміла, што выяўленыя факты фальсіфікацыі подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку Касьянава пры вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты РФ у Рыбінску і ў Рэспубліцы Марый Эл. Паводле яе слоў, гаворка ідзе пра падробку больш як 15,5 тысяч подпісаў.
У штабе кандыдата ў прэзідэнты Касьянава расцэньваюць заяву Генпракуратуры аб масавай фальсіфікацыі подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку экс-прэм'ера РФ як палітычны ціск.
"Мы ў курсе гісторыі з Марый Эл, гэта ўжо тыднёвая гісторыя. Мы лічым, што гэты палітычны ціск. Па астатнім ніякай інфармацыі з пракуратуры ў нас на дадзены момант няма", – сказала прэс-сакратарка Касьянава Алена Дзікун.
Напісаць каментар (14)
Навіны
па тэме





