КДБ цікавіцца замежнымі паездкамі дэмакратычных актывістаў
10:33, — Палітыка
23 студзеня да актывісткі Моладзі БНФ Марысі Рудакоўскай, навучэнкі аднаго з Менскіх каледжаў, наведаўся супрацоўнік КДБ капітан Бялоцкі, якога цікавіла навучальная паездка Марысі ў Брусэль.
Па словах актывісткі, яна адмовілася размаўляць з прадстаўніком “спэцслужбаў”, запатрабаваўшы афіцыйнай пісьмовай позвы.
Аднак перапыніць размову не атрымалася, бо адбывалася яна ў кабінеце дырэктара каледжа за зачыненымі дзьвярыма - сакратарка сыходзячы чамусьці зачыніла кабінет.
Капітан Бялоцкі ўзгадаў пра ўдзел дзяўчыны ў летніку пад Івацэвічамі, за які на Марысю быў складзены адміністратыўны пратакол і адбываўся судовы працэс.
“Ён казаў, што бачыў мяне на мітынгу прадпрымальнікаў, пагражаў праінфармаваць Міністэрства адукацыі і адміністрацыю каледжа аб маёй дзейнасьці, паставіў пад пагрозу маё далейшае навучаньне", - кажа Марыся Рудакоўская.
Відавочна, што візыт супрацоўніка КДБ - гэта чарговая спроба запалохаць актывістаў Моладзі БНФ, а таксама атрымаць інфармацыю пра замежныя паездкі моладзевых дэмакратычных актывістаў.




