Кіроўцы трэйлераў рыхтуюцца блакаваць пад'езды да Варшавы
- 28.01.2008, 8:35
У Польшчы кіроўцы вялікагрузных грузавікоў рыхтуюцца да блакады ўездаў і выездаў з Варшавы. Мэр сталіцы Ханна Гранкевіч-Вальц (Hanna Gronkiewicz-Waltz) абяцае гараджанам, што ўлады Варшавы пастараюцца мінімізаваць наступствы акцыі пратэсту.
Як паведаміў журналістам кіраўнік камітэта па арганізацыі акцыі пратэсту Саюза працадаўцаў вялікагрузнага транспарту Баляслаў Мілеўскі (Boleslaw Milewski), пратэст транспартнікаў пачнецца ў панядзелак паміж 12.00 і 14.00 па мясцовым часе.
Кіроўцы хочуць такім чынам выказаць свой пратэст супраць няздольнасці ўлад урэгуляваць сітуацыю з так званым італьянскім страйкам мытнікаў. Гэты "ціхі страйк" паралізаваў грузавыя перавозкі на беларускім і ўкраінскім кірунках мяжы Польшчы, паведамляе РІА-навіны
Цягам апошніх дзён польскія мытнікі, патрабуючы падвышэння зарплаты, фактычна перасталі працаваць – яны не страйкуюць (згодна з польскім заканадаўствам мытнікі не маюць права на страйк), але, імкнучыся дамагчыся сваёй мэты, у масавым парадку сыходзяць у адпачынак або на бальнічны.
Паводле ацэнцы экспертаў, адзін дзень прастою трэйлера на мяжы абыходзіцца ўладальніку машыны ў 1500 польскіх злотых (600 даляраў). Для шматлікіх малых і сярэдніх фірм гэта можа азначаць банкруцтва, таму ўладальнікі такіх транспартных кампаній ужо маюць намер патрабаваць кампенсаванне ад міністэрства казначэйства Польшчы.
На межах Польшчы з Беларуссю і Украінай у шматкіламетровых чэргах назапасіліся тысячы вялікагрузных аўтамабіляў, якія не могуць пакінуць межы краіны, паколькі мытнікі не выходзяць на працу. Галоўнае патрабаванне мытнікаў – падвышэнне зарплаты на 1500 польскіх злотых (600 даляраў ЗША). Міністэрства фінансаў Польшчы згаджаецца падвысіць зарплату на 500 злотых (200 даляраў ЗША) у месяц.
Як паведаміла журналістам прэс-сакратарка рэгіянальнай Мытнай службы ў Бялай Падлясцы Мажэна Семянюк (Marzena Siemieniuk), у раёне памежнага перахода ў Дарагусцы назапасілася больш за адну тысячу трэйлераў. "Чарга з грузавікоў расцягнулася на 30 кіламетраў углыб Польшчы", – сказала яна. Час чакання перасячэння мяжы – каля 70 гадзін.
Цягам мінулай ночы значна пагоршылася сітуацыя на польска-беларускай мяжы. У Карошчыне стаіць 1500 трэйлераў, чарга расцягнулася на 25 кіламетраў углыб Польшчы. Час чакання ўезду ў Беларусь – 70 гадзін.
Цягам мінулай ночы ва Украіну змаглі заехаць толькі 52 грузавікі. На іншым польска-украінскім пераходзе ў Храбенным стаіць 250 машын. Тут час чакання перасячэння мяжы – 40 гадзін.