Памежная «пробка» наносіць мільённую шкоду беларускай эканоміцы (Фота, мапа)
10- 28.01.2008, 11:27
Сітуацыя на беларуска-польскай мяжы, перакрытай з прычыны страйку польскіх мытнікаў, становіцца небяспечнай. Зафіксаваныя першыя спробы нелегальнага перасячэння мяжы – два грамадзяніна Беларусі спрабавалі перасекчы мяжу па-за памежным пераходам. Шкода ад страйку для беларускага боку складае дзесяткі мільёнаў даляраў.
Становішча на беларуска-польскай мяжы, паводле дадзеных на раніцу 28 студзеня не паляпшаецца. Польскі бок выказаў гатоўнасць весці перамовы аб беставарным пропуску грамадзян Беларусі і Расеі, заявіў "Інтэрфаксу" кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага памежнага камітэта Аляксандр Цішчанка.
Найбуйнейшы памежны пераход "Казловічы" на мяжы Беларусі і Польшчы цалкам спыніў працу ў сувязі з страйкам польскіх мытнікаў. На астатніх памежных пераходах становішча толькі пагаршаецца. «Памежныя пераходы фактычна блакаваныя, чарга на прапускным пункце "Казловічы" складае з польскага боку каля 70 км. Ужо пачалі ўзнікаць канфліктныя сітуацыі», – паведаміў Аляксандр Цішчанка.
"Мы пераразмяркоўваем патокі на Літву", – адзначыў А.Цішчанка. Паводле яго слоў, на гэтых памежных пераходах уведзеныя дадатковыя сілы на той выпадак, калі транспартныя патокі пераарыентуюцца на літоўскі ўчастак.
Паводле інфармацыі «Карэспандэнта», Дзяржаўная мытная служба Украіны звярнулася ў Сакратарыят Прэзідэнта Украіны і Прадстаўніцтва Украіны ў Еўразвязе з просьбай умяшацца ў сітуацыю з чэргамі на ўкраінска-польскай мяжы.
На ўкраінска-польскім участку самая складаная сітуацыя каля пункта пропуску Кракавец-Корчава, дзе з польскага боку стаіць больш за 1000 грузавікоў і ледзь менш – з украінскага. Там жа былі зафіксаваныя і першыя ахвяры, двое кіроўцаў сканалі ад сардэчных прыступаў.
На пункце пропуску Рава-Руская-Хрэбенне абапал чакаюць не менш як 500 аўтамабіляў, а поруч пункта пропуску Шэгіні-Медыка як з украінскага, так і з польскага боку чакаюць больш за 300 грузавікоў.
Чэргі на межах Польшчы з Беларуссю, Украінай і Расеяй узніклі ў сувязі з страйкам польскіх мытнікаў. Галоўнае патрабаванне мытнікаў – падвышэнне зарплаты на 1500 польскіх злотых (600 даляраў ЗША). Міністэрства фінансаў Польшчы згаджаецца падвысіць зарплату на 500 злотых (200 даляраў ЗША) у месяц.
Тым часам, у самой Польшчы кіроўцы вялікагрузных грузавікоў рыхтуюцца да блакады ўездаў і выездаў з Варшавы. Мэр сталіцы Ханна Гранкевіч-Вальц (Hanna Gronkiewicz-Waltz) абяцае гараджанам, што ўлады Варшавы пастараюцца мінімізаваць наступствы акцыі пратэсту.
Як паведаміў журналістам кіраўнік камітэта па арганізацыі акцыі пратэсту Саюза працадаўцаў вялікагрузнага транспарту Баляслаў Мілеўскі (Boleslaw Milewski), пратэст транспартнікаў пачнецца а 12 гадзіне па мясцовым часе. Кіроўцы маюць намер такім чынам выказаць свой пратэст супраць няздольнасці ўлад урэгуляваць сітуацыю з страйкам мытнікаў.
Страйк польскіх мытнікаў і выкліканыя ім чэргі на беларуска-польскай мяжы ўжо нанес Беларусі эканамічную шкоду, якая ацэньваецца ў дзесяткі мільёнаў даляраў, заявіў "Інтэрфаксу" начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Сяргей Нягрэй.
"Шкода ўжо ацэньваецца ў дзесяткі мільёнаў даляраў паводле самых сціплых падліках", – сказаў С.Нягрэй. Паводле яго слоў, сёння ў чэргах на польскай мяжы знаходзяцца ў сярэднім 3 тысячы аўтамабіляў. "Сітуацыя не вырашаецца чацвёртыя суткі запар, а суткі прастою аднаго аўтамабіля абыходзяцца фірме-перавозчыку ў 300 даляраў. Шкода ж, якую нясе эканоміка Беларусі – а гэта выпушчаная выгада ад транзіту, страты гандлю і грузаатрымальнікаў, неатрыманы прыбытак аб'ектаў сэрвісу, іншыя фактары – складае значна большыя сумы", – сказаў С.Нягрэй.
Паводле дадзеных Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтаперавозчыкаў (БАМАП), у Берасцейскай і Гарадзенскай абласцях шкоду нясуць больш за 500 суб'ектаў гаспадарання, якія займаюцца аўтамабільнымі грузаперавозкамі. "Але ў чэргах стаяць грузаперавозчыкі з усіх рэгіёнаў Беларусі, нароўні з беларускімі суб'ектамі гаспадарання, шкоду нясуць і расейскія перавозчыкі і кампаніі", – сказалі прадстаўнікі БАМАП.
Паводле апошняй інфармацыі, прадстаўнікі памежных ведамстваў Беларусі і Польшчы сёння абмяркуюць сітуацыю, якая склалася на мяжы дзвюх краін у сувязі з страйкам польскіх мытнікаў. У 15.00 у пункце пропуску "Казловічы" адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў Дзяржаўнага памежнага ведамства Беларусі і памежнай варты Польшчы. Беларускія памежнікі прапаноўваюць сваім польскім калегам разгледзець механізм першачарговага афармлення на выезд з Польшчы грамадзян Беларусі, якія едуць "у беставарным пасажырскім рэжыме", паведамляе БелТА.
Страйк польскіх мытнікаў пачаўся 25 студзеня. У нядзелю польская мытная служба бяздзейнічала практычна ва ўсіх пунктах пропуску на беларуска-польскай мяжы, пры гэтым легкавыя машыны, у адрозненне ад грузавікоў, у большасці месцаў маглі перасекчы мяжу.

Фото "Газета Выборча"

Фото Reuters

Фото Reuters

Фото Reuters

Фото "Газета Выборча"

Фото "Газета Выборча"

Фото "Газета Выборча"