Зміцер Жалезнічэнка шпіталізаваны
5
15:08, — Палітыка
Гомельскі актывіст дэмакратычнага руху Зміцер Жалезнічэнка, прызваны ў войска, працягвае галадоўку. Ён дастаўлены ў шпіталь у Менску.
Пра гэта БелаПАН паведамілі ў воінскай частцы № 83469 у Жлобіне, дзе служыць актывіст. Прычыны шпіталізацыі вайскоўцы не назвалі.
Як сказала маці навабранца Ала Жалезнічэнка, пры адпраўцы ў войска ў Змітра быў высокі ціск, ён не спаў некалькі начэй. "А потым ён абвясціў галадоўку ў знак пратэсту супраць пазапраўнага адлічэння і прызыву ў войска. Пэўна, усе гэтыя факты прывялі да таго, што Дзіма захварэў і яго павезлі ў шпіталь", – лічыць А.Жалезнічэнка.
Нагадаем, намеснік старшыні грамадскай арганізацыі "Талака" і намеснік старшыні абласной арганізацыі моладзевага крыла БНФ "Моладзь БНФ" З.Жалезнічэнка быў адлічаны з Гомельскага дзяржуніверсітэта ім. Ф.Скарыны 7 верасня 2007 года. Ён з'яўляўся выдатнікам вучобы і не меў пропускаў заняткаў, таму сваё адлічэнне палічыў палітычна матываваным і пазапраўным.
Сваю правасць З.Жалезнічэнка здолеў даказаць у судзе: 16 студзеня суд Цэнтральнага раёна адмяніў загад рэктара аб адлічэнні. 18 студзеня студэнт быў адноўлены ў ВНУ, а 22 студзеня – зноў адлічаны "за парушэнне правіл унутранага распарадку". 25 студзеня З.Жалезнічэнку заклікалі ў войска, ён абвясціў бестэрміновую галадоўку.
Навіны
па тэме





