Прэм'ер Польшчы: Мытнікаў нельга прымусіць працаваць
7
18:31, — Грамадства
Сітуацыя на беларуска-польскай мяжы, перакрытай праз страйк польскіх мытнікаў, па стане на вечар панядзелку застаецца вельмі цяжкай і будзе такой заставацца ў самыя блізкія дні.
Як заявіў у панядзелак прэм'ер Польшчы Дональд Туск, польскіх мытнікаў нельга прымусіць вярнуцца да працы.
"Праблема ў тым, што гэты пратэст носіць спантанны характар. У службоўцаў выходныя або водпускі, таму ніхто не можа прымусіць кагосьці працаваць", – заявіў Д.Туск пасля сустрэчы ў Бялой Падлясцы з кіраўнікамі рэгіянальных мытных службаў, якія абслугоўваюць усходнюю мяжу Польшчы. Пры гэтым Туск выказаў надзею, што прызначаныя на бліжэйшы час перамовы з страйкоўцамі прынясуць станоўчыя вынікі.
Паводле інфармацыі НТВ, Урад Польшчы гатовы пайсці на саступкі мытнікам і ўдвая павялічыць ім заработную плату, але спыніць «італьянскі» страйк ўрад не ў сілах, таму як будзе развівацца сітуацыя ў самыя блізкія дні, прадказаць немагчыма.
Тым часам у Берасці завяршыліся перамовы прадстаўнікоў памежных ведамстваў Беларусі і Польшчы па пытанні перасячэння мяжы. У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі польскай мытні і памежнай службы, з беларускага боку – намеснік начальніка ўпраўлення памежнага кантролю Дзяржаўнага памежнага камітэту Пётр Аксёнаў, паведамляе “Інтэрфакс”.
"Наша, памежнікаў, задача, паўплываць наколькі гэта магчыма на гэтую сітуацыю", – адзначыў П.Аксёнаў. Паводле яго слоў, беларускія і польскія памежнікі абмяркоўвалі, "як будуць працаваць, калі страйк мытнікаў спыніцца". Паводле інфармацыі беларускага боку, пасля нармалізацыі сітуацыі запатрабуецца не менш як трое сутак для аднаўлення нармальнай працы пунктаў пропуску, бо "Казловічы–Кукурыкі" ў суткі можа прапусціць толькі 1 тысячу аўтамабіляў.
Акцыя пратэсту польскіх мытных службаў прывяла да стварэння гіганцкіх чэрг на мяжы Польшчы з Беларуссю і Украінай. Прафсаюз міжнародных грузаперавознікаў у сваю чаргу выступіў з пагрозай пачаць блакады дарог на пад'ездах да Варшавы і горада Пшэмысл на польска-ўкраінскай мяжы ў выпадку, калі польскаму ўраду не атрымаецца ў самы блізкі час урэгуляваць праблему.
Праўда, пасля сустрэчы з віцэ-прэм'ерам, кіраўніком МУС Польшчы Гжэгожам Схетынай кіроўцы вялікагрузных аўтамабіляў адклалі блакаду Варшавы да аўторка, але наўрад ці да гэтага часу сітуацыя зменіцца, перадае РІА Новости.
Чарга на ўезд у ЕЗ з беларускага боку складаецца з 400 аўтамабіляў. З польскага боку чарга складае 1400-1600 аўтамабіляў. З Беларусі ў Польшчу сёння прапушчаныя толькі 6 машын. На тэрыторыі Польшчы, паводле інфармацыі кіроўцаў, чарга складае каля 45 км.
Страйк польскіх мытнікаў прыводзіць да навалы не толькі грузавых трэйлераў, чэргі з якіх расцягнуліся на шматлікія кіламетры, але і цягнікоў на чыгунцы. У Беларусі агульная колькасць вагонаў дасягнула 373.
Толькі на чыгуначным пераходзе "Брузгі" ў Гарадзенскай вобласці мытнае афармленне не прайшлі 56 вагонаў, якія рухаліся ў Польшчу. На пункце пропуску "Кузня" застаюцца неаформленымі больш як 50 вагонаў. Гэта цягнікі з прамысловымі грузамі.
Між іншым, страты аўтамабільных перавознікаў, якія стаяць у чэргах, ацэньваюцца ў 1 млн. даляраў штодня. Прастой адной машыны абыходзіцца прыблізна ў 300 даляраў.
Страйк польскіх мытнікаў і выкліканыя ім чэргі на беларуска-польскай мяжы ўжо нанес Беларусі эканамічную шкоду, якая ацэньваецца ў дзесяткі мільёнаў даляраў па самых сціплых падліках, заявіў "Інтэрфаксу" начальнік упраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі Сяргей Нягрэй.
Паводле дадзеных Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтаперавознікаў (БАМАП), у Берасцейскай і Гарадзенскай абласцях шкоду нясуць больш як 500 суб'ектаў гаспадарання, якія займаюцца аўтамабільнымі грузаперавозкамі. "Але ў чэргах стаяць грузаперавознікі з усіх рэгіёнаў Беларусі, нароўні з беларускімі суб'ектамі гаспадарання, шкоду нясуць як расейскія перавознікі і кампаніі, так і краін Еўразвяза", – сказалі прадстаўнікі БАМАП.
Страйк польскіх мытнікаў пачаўся 25 студзеня. Працаўнікі мытных службаў Польшчы патрабуюць падвышэння зарплаты і паляпшэння ўмоў працы.
Да вечара панядзелка сітуацыя на мяжы прымае катастрафічны маштаб.
Напярэдадні былі зафіксаваныя першыя спробы нелегальнага скрыжавання мяжы – два грамадзяніна Беларусі спрабавалі перасекчы мяжу па-за памежным пераходам. На ўкраінска-польскім участку мяжы зафіксаваныя два выпадкі смяротнага зыходу – у кіроўцаў трэйлераў здарыўся сардэчны прыступ.

Фото "Газета Выборча"

Фото "Газета Выборча"

Фото Reuters

Фото Reuters

Фото Reuters

Фото "Газета Выборча"

Фото "Газета Выборча"

Фото "Газета Выборча"





