У Беларусі пачалася кампанія супраць катаванняў у турмах
1- 29.01.2008, 8:50
Дэмакратычныя сілы Беларусі пачынаюць кампанію па стварэнні належных умоваў у турме на вуліцы Акрэсціна ў Менску. Цяперашнія ўмовы ўтрымання пераважна палітычных зняволеных, паводле праваабаронцаў, нагадваюць катаванні.
Пра пачатак кампаніі па стварэнні годных умоваў у турме на вуліцы Акрэсціна ў Менску абвесціў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які днямі выйшаў адтуль на волю пасля адміністратыўнага арышту за ўдзел у вулічнай акцыі прадпрымальнікаў, якая адбылася 10 студзеня ў Менску, паведамляе “Нямецкая хваля”.
Паводле Анатоля Лябедзька, неабходнасць правядзення гэтай кампаніі звязана, па-першае, з тым, што заканадаўства, якое рэгламентуе становішча арыштаваных, не выконваецца.
“Напрыклад, згодна заканадаўству, там павінен стаяць таксафон, і кожны зняволены мае права на тэлефонны званок. Аднак гэтага”.
Па-другое, падкрэсліў Анатоль Лябедзька, паводле заканадаўства, тыя, хто знаходзіцца на Акрэсціна, маюць права на свежае паветра, каб іх не менш як на гадзіну выпускалі ў двор турмы. “Гэта зноў жа не выконваецца. Вязьні маюць права і на тое, каб карыстацца бялізнай. А там толькі голыя дошкі і больш нічога. Ну, і самі ўмовы. Ноччу спаць проста немагчыма, гэта не сон, а проста здзек”.
Да таго ж, як паведаміў сустаршыня Нацыянальнага камітэту Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, зняволеным даюць нямыты посуд, ёсць шмат яшчэ чаго адмоўнага, што, як адзначае юрыст Грамадскага праваабарончага аб’яднання “Вясна” Валянцін Стэфановіч, таксама супярэчыць Працэсуальна-выканаўчаму кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях.
“Ёсць выпадкі, калі адміністратыўныя правапарушальнікі ўтрымліваюцца з такімі катэгорыямі адміністратыўна арыштаваных, як раней судзімыя, якія адбывалі пакаранне ў папраўчых установах. Гэта парушэнне палажэнняў кодэкса, бо ў ім напісана, што гэтыя катэгорыі павінныя ўтрымлівацца асобна”, - падкрэслівае Стэфановіч.
Да таго ж, ад нядаўняга часу забаронена перадаваць зняволеным перадачы з прадуктамі харчавання і шмат чаго яшчэ, да прыкладу, не заўжды сваякі маюць магчымасць перадаць вязням цёплую вопратку альбо коўдру, хаця адміністрацыя акрэсцінскае турмы можа спаслацца на адсутнасць сродкаў на набыццё гэтых рэчаў сваімі высілкамі. Паводле Анатоля Лябедзькі, ён асабіста давёў гэтыя ды іншыя факты парушэння заканадаўства і правоў чалавека да адміністрацыі ізалятара.
“Пра гэта я сказаў і кіраўніку Акрэсціна, з якім у мяне была сустрэча, я яго папярэдзіў, што мы пачынаем такую кампанію, мы яму накіравалі шэраг пісьмовых зваротаў, і зараз ужо падрыхтаваны зварот на імя Генеральнага пракурора РБ”, - кажа палітык.
У планах таксама зварот да міністра ўнутраных справаў Навумава.
Як падкрэслівае юрыст Валянцін Стэфановіч, беларуская пенетэнцыярная сістэма не мянялася ад часоў існавання СССР.
“Гэта ўсё адгалоскі старой сталінска-савецкай сістэмы, дзе да чалавека ставіліся як да смецця, як да бруду. І ніхто раней нічога не казаў пра нейкія стандарты ці індывідуальныя спальныя месцы”, - мяркуе праваабаронца.
Арганізатары кампаніі збіраюцца накіраваць лісты і звароты з патрабаваннямі выканання заканадаўства ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна ў адпаведныя дзяржаўныя органы Беларусі, а калі тыя не адрэагуюць, то, паводле Валянціна Стэфановіча, можна паспрабаваць звярнуцца і ў міжнародныя інстанцыі.
“Ёсць Камітэт супраць катаванняў і іншых бесчалавечных відаў абыходжання, а менавіта такім чынам можна кваліфікаваць, што людзі знаходзяцца ў кепска ацепленых памяшканнях, там вельмі халодна. Гэта, у прынцыпе, бесчалавечы і жорсткі від абыходжання”, - сцвярджае Стэфановіч.
Можна звярнуцца ў гэты Камітэт ААН, адзначыў Валянцін Стэфановіч, але тыя рэкамендацыі, якія ён будзе выносіць, беларускія ўлады не абавязаныя выконваць. Таму трэба дамагацца, каб гэтыя пытанні вырашаліся ў краіне.
Як заявіў Анатоль Лябедзька, кампанія па змяненні ўмоваў утрымання вязняў у турме на Акрэсціна будзе працягвацца да таго часу, пакуль гэтыя ўмовы не стануць сапраўды “чалавечымі”.