Уладзімер Арлоў: «Ці не пачаць адсяленьне з дома нумар 38»
- 30.01.2008, 13:12
У праграме "Начная Свабода" журналістка Вольга Караткевіч гутарыць зь пісьменьнікам Уладзімерам Арловым пра пагрозу высяленьня з дому на вуліцы Карла Маркса ў Менску і пра тое, што выразалі ў ягонай кнізе з малюнкаў Аляксея Марачкіна.
Караткевіч: Жыхары некалькіх дамоў у самым цэнтры Менску – пад пагрозай адсяленьня ў новабудоўлі на ўскрайку. Вуліца Карла Маркса мае стаць пешаходнай, а ў некалькіх дамох на вуліцах Маркса і Валадарскага плянуюць разьмясьціць трохзоркавы гатэль, казыно ды гандлёвы цэнтар. Уладзімер, ці пагражае вам высяленьне?
Арлоў: Усё рабілася таемна ад жыхароў. Высьвятляецца, што высяленьне пагражае жыхарам усіх дамоў паміж вуліцамі Камсамольскай і Валадарскага. Фактычна пад пагрозай знаходзіцца ўся вуліца Карла Маркса. У нашым двары ужо гуляе жарт – ці не пачаць адсяленьне з дома нумар 38 па вуліцы Карла Маркса. Мы ўсе ведаем што там знаходзіцца, так?
Караткевіч: Так, адміністрацыя прэзыдэнта... Уладзімер, ці гатовыя вы бараніць уласнае жытло і якім чынам?
Арлоў: Безумоўна гатовы, і такі ж настрой маюць жыхары ўсёй вуліцы Карла Маркса. Дарэчы, для мяне гэта вуліца Падгорная, [як яна называлася раней]. Дырэктар упраўленьня капітальнага будаўніцтва Ленінскага раёну спадар Леанід Казакоўскі сказаў, што нідзе ў сьвеце няма пешаходных вуліцаў з жыхарамі, з кватэрамі. Альбо Леанід Казакоўскі нідзе ня быў далей за Беларусь, у што слаба верыцца, альбо ён проста дурыць людзям галовы. Той, хто крыху паезьдзіў па сьвеце, ведае, што на пешаходных вуліцах Барсэлёны жывуць людзі, у Стакгольме, Міляне, Вене. Калі трэба бліжэйшыя прыклады, калі ласка -- гэта маскоўскі Арбат, альбо Кракаўскае прадмесьце ў Варшаве, альбо вуліца Дзіджой у Вільні.
Караткевіч: Днямі стала вядома, што мастака Аляксея Марчкіна выразалі з фотаздымку ў кнізе пра творчасьць Мікалая Селяшчука. Які ваш прагноз, як пісьменьніка -- на якія яшчэ антыкультурныя дзеяньні здольная ўлада і да якіх гэта можа прывесьці наступстваў?
Арлоў: З вашага дазволу, я згадаю яшчэ адну гісторыю з Марачкіным і цэнзурай. Калі пяць гадоў таму выходзіла мая кніжка "Ордэн Белай Мышы", яна была аздобленая малюнкамі Аляксея Марачкіна. І вось мы з Марачкіным бачым, што на адным малюнку чалавек з маленькімі вусікамі выглядае амаль як Дон Кіхот -- вусы яму выцягнулі і падкруцілі. Высьветлілася, што калі ўжо кніга была падпісаная ў друк, нейкі чыноўнік з Камітэту па друку прыбег у выдавецтва "Мастацкая літаратура" і закрычаў: "Марачкін намаляваў Лукашэнку! Трэба зьмяніць вусы! Нам і так за кнігу Арлова адкруцяць, прабачце, яйцы, а тут яшчэ Марачкін мужыка зь яйцамі намаляваў на іншым малюнку. Адрэзаць!" Так што Марачкін не ўпершыню сутыкаецца з тым, што нешта выразаюць. Я ад цяперашняй улады чакаю, чаго заўгодна, бо іх уяўленьні пра культуру напэўна процілеглыя нашым. Калі Аляксандар Лукашэнка нядаўна публічна заявіў, што ўвогуле не чытае кніг, дык цяжка даваць нейкія камэнтары.