Юры Чыж атрымаў у канцэсію Хаціслаўскае радовішча мелу
14:06, АФН — Эканоміка
Беларускія ўлады гатовыя да перадачы ў канцэсію інвестарам шэрагу радовішчаў карысных выкапняў, заявіў на пасяджэнні калегіі ў Менску міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Леанід Харужык.
«Гатовыя дамовы аб перадачы правоў на засваенне Добрушскага радовішча мелу кампаніі Ітэра і Хаціслаўскага радовішча мелу кампаніі Трайпл», – цытуе Інтэрфакс міністра.
Пра праблему супрацоўніцтва Ітэры і беларускіх улад у распрацоўцы Добрушскага радовішча ўжо паведамлялася.
Кампанія «Трайпл» атрымала Хаціслаўскае радовішча «паравозам» услед за купляй 100% пакета акцый ААТ «Беразоўскі камбінат сілікатных вырабаў».
Харужык таксама паведаміў, што завяршаецца падрыхтоўка бізнэс-планаў па ўдзеле расейскіх кампаній "Інтэр-Тэхна" і "Лотас" у засваенні радовішчаў пяшчана-жвіравых матэрыялаў і сілікатных пяскоў. Паводле яго слоў, кошт кожнага з праектаў ацэньваецца ў 3 млн. USD.
«Будаўніцтва вытворчасці будматэрыялаў на базе радовішча сілікатных пяскоў у Гомельскай вобласці дазволіць забяспечыць гэты рэгіён будматэрыяламі і стварыць 100 новых працоўных месцаў», – дадаў міністр.
Харужык пацвердзіў словы першага віцэ-прэм'ера У.Сямашкі пра пачатак рэалізацыі інвестпраектаў па засваенні радовішчаў бурых вуглёў і гаручых сланцаў агульным коштам $4 млрд.
Між іншым, беларускі міністр не назваў патэнцыйных інвестараў у распрацоўку радовішчаў карысных выкапняў, якія беларускія ўлады гатовыя перадаць у канцэсію паводле ўказу №44 ад 28 студзеня.
Аднак, адно з згаданых радовішчаў – радовішча гіпсу «Брынеўскае» ў Менскай вобласці – хутчэй за ўсё, будзе перададзенае буйному вытворцу будматэрыялаў Кнауф (Knauf).





