Парламенцкія выбары пройдуць 28 верасня
15:03, — Палітыка
Адкарэктаваная дата правядзення выбараў у Палату прадстаўнікоў – 28 верасня 2008 года. Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН паведаміла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.
Ярмошына адзначыла, што выбары ў Беларусі прызначаюцца ўказам кіраўніка дзяржавы, а Цэнтрвыбаркам "толькі рэкамендуе тую ці іншую дату, зыходзячы з календара, мэтазгоднасці". "Цэнтрвыбаркам рэкамендаваў у якасці даты правядзення парламенцкіх выбараў 12 кастрычніка, але падчас абмеркаванняў з кіраўніком дзяржавы яна была адкарэктаваная. Калі б выбары ў Палату прадстаўнікоў адбыліся 12 кастрычніка, то яны супалі бы з выбарамі ў Савет Рэспублікі, бо ўстановачныя сесіі цяперашняга складу палат парламента прайшлі з розніцай у адзін дзень. У сувязі з гэтым ад мясцовых выканаўчых органаў, якія арганізуюць і праводзяць сходы дэпутатаў мясцовага ўзроўню па выбарах сяброў Савета Рэспублікі, паступіла просьба разарваць дзве выбарчыя кампаніі тэрмінам хаця б на адзін тыдзень", – растлумачыла кіраўніца ЦВК.
У сувязі з гэтым і адбылося некаторае змяненне тэрмінаў выбараў. "Папярэдне прызначанае, што выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 28 верасня", – адзначыла Л.Ярмошына. Яна таксама паведаміла, што ў абласцях выбары ў Савет Рэспублікі будуць праходзіць у розныя дні, але не пазней за 10 кастрычніка.
Па словах старшыні Цэнтрвыбаркама, з улікам вызначанай даты распрацаваны праект плану каляндарных мерапрыемстваў, а таксама шэраг праектаў дакументаў, у прыватнасці, аб галасаванні беларускіх грамадзян за мяжой. Гэты праект неўзабаве будзе накіраваны ў Міністэрства замежных спраў, якое стварае ў асобе сваіх амбасад выбарчыя ўчасткі за мяжой.





