9 чэрвеня 2026, aўторак, 11:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Казкі ад Пракаповіча: па тысячы еўра – кожнаму беларусу (дапоўнена)

41

У Беларусі ў 2015 годзе сярэдні заробак павінен скласці не менш за 1 тысячу еўра, заявіў наконадні кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч.

"У 2010-2015 гады мы павінны вырашыць шэраг глабальных задач. У прыватнасці, сярэдні заробак ў 2015 годзе павінен быць не менш за 1 тысячу еўра. Гэтая сур'ёзная задача пастаўлена кіраўніком дзяржавы", – сказаў П.Пракаповіч.

У сувязі з гэтым разам з павелічэннем аб'ёмаў крэдытавання для мадэрнізацыі вытворчасці павінен быць забяспечаны максімальна магчымы прыток простых замежных інвестыцый. "На гэтым кірунку цяпер працуюць урад і Нацбанк", – дадаў П.Пракаповіч.

Між іншым, на днях Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця апублікаваў штогадовы даклад "Аб працэсе пераходу" за 2007 год, асноўны тэзіс якога наконт Беларусі – без структурных рынкавых рэформ, краіна не можа разлічваць на інвестыцыі.

"Для таго, каб Рэспубліка Беларусь магла сур'ёзна разлічваць на прыцягненне простых замежных інвестыцый, якія дапамаглі б пакрыць дэфіцыт рахунку наяўных аперацый аплатнага балансу краіны, неабходна завяршыць першы этап рэформ пераходнага перыяду, у тым ліку прыватызацыя, лібералізацыя цэнаў, гандлю і валютных аперацый", – падкрэсліваецца ў дакладзе.

Наконт прыватызацыі, а дакладней – «прыхватызацыі», то яна ідзе поўным ходам, без абавязковага па законе абвяшчэння тэндэру і, галоўнае, употай ад народа. Так што, мабыць, яшчэ не хутка грамадзяне даведаюцца, каму і што з былога народнага набытку (зямель, прадпрыемстваў, нацыянальных багаццяў і інш.) належыць у нашай Бацькаўшчыне.

А вось наконт лібералізацыі цэнаў, гандлю і валютных аперацый, то тут – поўнае дзяржаўнае рэгуляванне без надзеі, прынамсі, пры гэтай уладзе, на нейкія змены.

Зыходзячы з вышэйвыкладзенага варта меркаваць, што разлічваць на прыцягненне прамых замежных інвестыцый Беларусь у аглядальнай будучыні ніяк не можа. А значыць і тэзіс аб сярэднемесячным заробку ў 1 тысячу еўра да 2015 года для шэраговых беларусаў застанецца толькі прыгожай казкай, калі, вядома, гэты заробак ім не «намалюе» сам галоўны банкір краіны.

Бо спадар Пракаповіч – вядомы казачнік. Не далей, як мінулай восенню ён чарговым разам распавёў беларусам казку пра тэмпы інфляцыі ў краіне. Галоўны банкір, не міргнуўшы вокам, паведаміў, што за студзень–верасень інфляцыя ў Беларусі склала 5,4%, або 0,6% у сярэднім за месяц.

У той час, як кошты за адзначаны спадаром Пракопавічам перыяд на мяса і малако узраслі як мінімум на 40% (дарэчы, у гэтым тады прызнаўся нават прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі). За электрычнасць мы сталі плаціць амаль на 25 працэнтаў больш, за газ – на 23 працэнта, за паслугі ЖКГ – на 10,1 працэнта, на праезд у транспарце – на 15,1 працэнта, сметанковае масла падаражэла аж на 80%, а алей – у два разы!

Тады разыходжанне паміж афіцыйнай статыстыкай і рэальным жыццём каментаваў прэс-цэнтру Хартыі’97 вядомы эканаміст Леанід Злотнікаў.

«Мінстат улічвае толькі самыя нізкаякасныя прадукты. Самі супрацоўнікі Мінстата прызнаюць, што для таго, каб намаляваць рэальную карціну, трэба мець індэкс рознічных цэнаў. Калі браць увесь спектр тавараў для ўсіх катэгорый насельніцтва, сапраўды атрымоўваецца: не вер вачам сваім, таму што проста дзікае разыходжанне», – зазначыў Злотнікаў.

Паводле яго слоў, Мінстат дае няправільныя дадзеныя не толькі па ўзроўні інфляцыі, але і па росце ВУП, а значыць, і па ўсіх іншых паказчыках.

Таму чакаць беларусам сярэднемесячнага заробку ў 1 тысячу еўра давядзецца яшчэ вельмі доўга і не пры гэтай уладзе. Вядома, калі казачнік Пракопавіч не прыдумае, як яго «намаляваць» пры дапамозе афіцыйнай статыстыкі.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках